26 красавiка 2024, Пятніца, 14:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зянон Пазняк: Барацьбу за Курапаты трэба працягваць

3
Зянон Пазняк: Барацьбу за Курапаты трэба працягваць
ЗЯНОН ПАЗНЯК
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Нельга верыць на слова чыноўнікам рэжыму.

Старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк пракаментаваў канфлікт вакол будаўніцтва офіс-цэнтра побач з Курапатамі.

«Вельмі своечасова на абарону мемарыяла падняліся маладыя людзі, валанцёры, здольныя дзейнічаць рашуча, зацята і нават брутальна. Як і з «Бульбаш-бардэлем», чарговы нумар улады тут не пройдзе. Пратэстоўцы сваёй фізічнай прысутнасцю ля будаўнічай пляцоўкі прыцягнулі ўвагу грамадскасці да беззаконня і трымаюць працэс у напрузе. І гэта важна ў барацьбе з чарговай будаўнічай агрэсіяй у зоне Курапатаў» - гаворыцца ў звароце Зянона Пазняка на сайце партыі.

У Зянона Пазняка няма сумненняў, што закон парушаны.

«Аўкцыён па продажы ўчастка адбыўся ў 2013 годзе. У той жа час, участак вывелі з ахоўнай зоны ў 2014-м. Значыць, аўкцыён незаконны. Гэта тэма для пракуратуры: чаму ва ўгоду нейкаму падазронаму будаўніцтву, што плануецца ў ахоўнай зоне Курапатаў без узгаднення з Міністэрствам культуры, участак выводзіцца з ахоўнай зоны», - заявіў Пазняк.

Да парушэнняў палітык прылічае і адсутнасць рэальнага ўзгаднення праекта з грамадскасцю, а таксама будаўніцтва офіса без зацверджанага праекта дэталёвай планіроўкі на незаконна выдзеленай і набытай зямлі.

«Па ўсіх гэтых пытаннях актывісты нашых арганізацый звярнуліся з адпаведнымі заявамі ў Міністэрства культуры, у Генеральную пракуратуру, Следчы Камітэт і Менгарвыканкам» - напісаў Зянон Пазняк.

Нягледзячы на вывад будаўнічай тэхнікі з пляцоўкі каля Курапатаў Зянон Пазняк перакананы, што справа пратэсту і абароны Курапатаў не спыніцца.

«Яно павінна працягвацца, асабліва ў юрыдычнай вобласці, што тычыцца чыноўнікаў і асоб, якія жанглююць законамі і будаўнічымі ўчасткамі. Барацьбу зараз спыняць нельга і пратэсты валанцёраў таксама. Нельга верыць на слова рэжымным чыноўнікам. Павінны быць законныя рашэнні і дзеянні, выпраўленне парушэнняў і недахопаў. Павінна быць перамога справядлівасці, адзначаная гучна і моцна. А вырваны ўчастак павінен быць вернуты ў ахоўную зону Курапатаў (гэта абавязкова!)», - перакананы старшыня КХП-БНФ.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках