Стэфан Эрыксан: «Я насамрэч не памятаю, калі пачаў размаўляць па-беларуску»
2- 1.10.2007, 11:52
Сярод усіх дыпламатычных працаўнікоў, якія знаходзяцца цяпер у Беларусі, кіраўнік беларускага аддзялення шведскай амбасады ў Маскве Стэфан Эрыксан лічыцца адным з самых даступных для журналістаў. Тлумачэнне ў яго энергічным характары. Акрамя таго, ён вядомы беражлівым стаўленнем да нацыянальных традыцый Беларусі. «Ежедневник» сустрэўся з Стэфанам Эрыксанам.
– Распавядзіце, калі ласка, пра сябе.
– Я нарадзіўся 18 сакавіка 1962 года ў даволі вялікім (120 тыс. насельніцтва) па шведскіх мерках горадзе Вэстэрас. Пражыў там да 20 гадоў, з'язджаў толькі на адзін год у ЗША па праграме абмену. Жыў у амерыканскай сям'і, хадзіў у школу. Мне падабалася падарожнічаць: паўсюль ездзіць, адкрываць для сябе новыя краіны. Так атрымалася, што тады я і захапіўся расейскай мовай. Менавіта таму паехаў у Маскву. Быў стажорам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
– Вы кудысьці паступілі?
– Пасля школы я адразу пайшоў служыць у войска. Служыў 15 месяцаў перакладчыкам, гэта значыць, меў магчымасць вывучаць замежныя мовы – ангельскую і расейскую. Гэта потым вельмі дапамагло.
– Служыць трэба было абавязкова?
– Не. У нас ёсць сістэма прызываў, але існуе і альтэрнатыўная служба. Шведскае войска на дадзены момант не мае патрэбы ва ўсеагульным воінскім абавязку. Думаю, служаць у асноўным тыя, хто хоча сам. Астатнія могуць без складанасцяў атрымаць адтэрміноўку. У МДУ стажыраваўся на кафедры расейскай мовы для замежнікаў. Толькі пасля гэтага паступіў у Стакгольмскі інстытут эканомікі і гандлю, які скончыў у канцы 1988 года. Праўда, па спецыяльнасці нават не папрацаваў. Узяў у некаторым сэнсе дыпламатычны курс. Тры гады працаваў у Шведскай гандлёвай радзе, дапамагаў прадпрыемствам на рынках тады яшчэ Савецкага Саюза. А у 1992 годзе напісаў заяву з просьбай прыняць на працу ў МЗС. У Швецыі няма спецыялізаваных навучальных устаноў, дзе рыхтуюць і навучаюць дыпламатаў. МЗС бярэ людзей з гатовымі прафесіямі, а потым звычайна праводзіць нейкія курсы. Так склалася, што ў мяне іх не было. Дыпламатам я стаў, можна сказаць, ужо немаладым – 30-гадовым. Міністэрства замежных спраў вырашыла мяне адразу адправіць у гандлёвы аддзел шведскай амбасады ў Маскве. Усякія дыпламатычныя прамудрасці спасцігаў, так сказаць, у працэсе працы. Тры гады. Пасля адправілі адразу ў Брусэль.
Час быў даволі цікавы. 1995 год. Тады Швецыя толькі-толькі ўступіла ў ЕЗ. Гэта было наша прадстаўніцтва пры Еўразвязе. Праз два гады вярнуўся дамоў. У МЗС прызначылі на пасаду, дзе асноўным была праца з Беларуссю і па некаторых кірунках з Расеяй. Прапрацаваў тры гады – з 1997-го па 2000 год. Калі пазней патрапіў у Беларусь, то ўжо не быў поўным дылетантам. Шмат ужо ведаў, ды і некаторы досвед працы з Беларуссю меўся. Прыемна, што кагосьці з тых, з кім тады меў узаеміны, сустрэў і цяпер. У 2000 годзе нечакана паступіла прапанова папрацаваць другой асобай у Шведскім генеральным консульстве ў Санкт-Пецярбургу. Я ужо бачыў Маскву, але гэта – зусім іншы горад. Санкт-Пецярбург звязаны ў тым ліку і з Швецыяй. Мне ён быў вельмі цікавы. Я пагадзіўся і прабыў там цэлых пяць гадоў. Толькі ўвосень 2005 года мяне накіравалі ў Менск.
– Вы нядрэнна ведаеце беларускую мову. Адкуль?
– Я усё разумею і магу больш-менш правільна размаўляць. Пэўна, у мяне ёсць нейкая ўнутраная ўсталёўка: калі прыязджаю ў краіну, то заўсёды імкнуся ўглыбіцца ў сутнасць яе народа, культуры, традыцый. А для гэтага пажадана ведаць мову. Зразумела, у Беларусі сітуацыя ў лінгвістычным плане некалькі спецыфічная. На жаль, самі беларусы не ўсе гавораць па-беларуску. Аднак для мяне вывучэнне нацыянальнай мовы вельмі важнае і цікавае.
Беларускай мовай пачаў займацца яшчэ ў Санкт-Пецярбургу. Там тады была адна выкладчыца з БДУ, якая паспела даць некалькі ўрокаў – гэтакі кароткі курс, своеасаблівае ўвядзенне. А сур'ёзна заняўся вывучэннем мовы, ужо прыехаўшы сюды. Спачатку – два разы ў тыдзень, цяпер – мінімум адзін. Урок звычайна цягнецца паўтары гадзіны. Спачатку былі складанасці. Па-расейску размаўляць было значна прасцей, але з часам я гэты бар'ер пераадолеў. Перастаў баяцца і саромецца. Пачаў гаварыць, зусім не думаючы пра якія-небудзь шурпатасці. Вывучэнне ўсялякай мовы праходзіць паспяхова найперш праз практыку стасункаў. Я сапраўды не памятаю, калі менавіта пачаў размаўляць па-беларуску, але ўжо прайшло каля года. Цяпер, калі хтосьці на ёй размаўляе, з задавальненнем трэніруюся. Мабыць, да вывучэння моў у мяне ёсць пэўныя схільнасці. Але сказаць, што ўсё даецца лёгка і проста, нельга. З наскоку нічога не атрымаецца. Мовай трэба займацца сур'ёзна. Звычайна, калі я даю інтэрв'ю або дзесьці выступаю, то раблю гэта пераважна на беларускай мове. Я толькі рады, калі хтосьці гэта ўспрымае як знак падтрымкі, бо ў сённяшніх умовах становішча беларускай мовы даволі няпростае. Акрамя таго, у мяне шмат знаёмых у галіне мастацтва: пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў – вельмі цікавыя людзі. Маё веданне беларускай мовы заўсёды выклікае ў іх толькі станоўчую рэакцыю. Быў такі выпадак. Праходзіў чарговы кінафэст «Лістапад». Мне чатыры разы давялося паднімацца на сцэну за прызамі для шведскага рэжысёра. Праходзіла гэта ў «Палацы Рэспублікі». Калі ў знак падзякі загаварыў па-беларуску, гэта выклікала проста буру эмоцый.
– Дыпламаты звычайна не вельмі любяць распавядаць пра свае сем’і…
– Жонку клічуць Вераніка. Больш як 20 гадоў таму мы пазнаёміліся ў Маскве, адкуль яна родам. З 1987 года Вераніка жыве ў Швецыі. Упершыню сустрэліся на аснове «мовы». У МДУ я вывучаў расейскую мову, яна – шведскую. Так што інтарэс быў узаемны – лінгвістычны, які перарос потым у штосьці большае. У нас трое дзяцей: Ксенія, Аляксандра і Эмануіл. У першы год знаходжання ў Менску яны ўсе хадзілі тут у школу. Ёсць такая міжнародная школа з навучаннем на ангельскай мове. Старэйшай Ксеніі – 16 гадоў, а малодшаму Эмануілу хутка споўніцца 10. Летась Ксенія паступіла ў шведскую гімназію. Жыве ў Швецыі ў інтэрнаце. Натуральна, часам прыязджае.
– Традыцыйнае пытанне пра хобі…
– Я вельмі люблю падарожнічаць. Мне цяжка ўсядзець на адным месцы – заўсёды куды-небудзь езджу. Калі ёсць магчымасць, адкрываю для сябе нешта новае: нейкі горад або проста прыгожае месца. Гэта паблізу. Падчас водпуску едзем з сям'ёй куды-небудзь далей. Напрыклад, у Швецыю. Бываем у Санкт-Пецярбургу і Маскве. Здолеў з'ездзіць у Кіеў, Варшаву, Літву. З задавальненнем езджу па Беларусі. На жаль, паспеў пабываць не ўсюды. Бачыў толькі асноўнае.
– Наколькі мне вядома, ёсць яшчэ адно захапленне – беларуская культура.
– Так. Пэўна, на самым пачатку тут быў чыста «карыслівы» інтарэс. Хацелася больш папрактыкавацца ў беларускай мове. Потым стала цікава само па сабе. Акрамя таго, шматлікія сучасныя беларускія пісьменнікі падарылі мне свае кнігі, так што чытаў іх у арыгінале. Калі ёсць магчымасць, гляджу тэатральныя прадстаўленні. Часта бываю ў Купалаўскім тэатры. Высока шаную «Свабодны тэатр». Хаджу на канцэрты беларускіх музычных груп. Словам, культура мяне цікавіць у самім шырокім разуменні. Запрашаюць на шматлікія мерапрыемствы, але, на жаль, не ўсюды паспяваю. Як бачыце, пасля ўсяго гэтага свабоднага часу застаецца не шмат.
– Але гэта не перашкодзіла перавесці на шведскую мову аповесць Васіля Быкава?
– Цалкам праўда. Планую зрабіць яшчэ пераклады, але нічога абяцаць не магу – праца, сям'я. Пераклад – даволі сур'ёзная справа. Але паглядзім…