25 красавiка 2024, Чацвер, 3:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Бабруйску апаганеныя габрэйскія могілкі

На габрэйскіх могілках у Бабруйску (Магілёўская вобласць) здзейснены акт вандалізму — апаганеныя 15 магіл. Як паведаміў БелаПАН старшыня бабруйскай габрэйскай суполкі Леанід Рубінштэйн, зламыснікі не проста павалілі помнікі, яны разбілі некаторыя з вялізных гранітных пліт на тры часткі.

"Я прыйшоў у жах, калі ўбачыў зробленае, – сказаў Л.Рубінштэйн. – Акрамя таго, што некаторыя помнікі былі выдраныя разам з падмуркам, на абломках былі чалавечыя фекаліі".

Такога беспрэцэдэнтнага акту вандалізму, па словах мясцовых габрэяў, старыя габрэйскія могілкі, якія існуюць з 1921 года, яшчэ не ведалі. "Бывалі, вядома, і раней акты вандалізму, калі трохі цярпелі пяць-шэсць магіл. Улетку, напрыклад, на могілках злавілі мужчыну, які краў агароджы з нержавеючай сталі, – распавялі БелаПАН мясцовыя жыхары. – Але такога варварства не было ніколі. Першым зробленае ўбачыў наглядчык могілкаў ад габрэйскай суполкі Марат Петлах і паведаміў старшыне суполкі. Выкліканыя супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол, але габрэі не спадзяюцца на тое, што зламыснікі будуць знойдзеныя".

"Гэта я нават не магу з упэўненасцю назваць праявай антысемітызму, – растлумачыў Л.Рубінштэйн. – Таму што на мясцовых беларускіх могілках некаторы час таму былі такім жа чынам апаганеныя каля 30 магіл. Хоць антысеміцкія праявы ў нас таксама бываюць. Некаторы час таму, напрыклад, на варотах гэтых жа могілкаў і на прыпынку побач з ім была намаляваная свастыка і напісаныя словы, якія ганяць габрэяў".

12 кастрычніка старшыня суполкі звярнуўся з лістом да мэра Бабруйска, у якім папрасіў дапамогі ў ахове габрэйскіх могілкаў на вуліцы Менскай, а таксама іншых гарадскіх могілкаў.

Паводле папярэдніх падлікаў, шкода, нанесеная вандаламі, склала больш як 12 тысяч даляраў ЗША.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках