На выбарах у Польшчы перамагла «Грамадзянская плятформа»
5- 22.10.2007, 11:17
У Польшчы адбыліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Палякі абралі 460 дэпутатаў Сэйму і 100 Сэнату – вышэйшай палаты парлямэнту. Паводле папярэдніх вынікаў, перамагла лібэральная “Грамадзянская плятформа” Дональда Туска.
Паводле папярэдніх дадзеных, выбары выйграла апазыцыйная дагэтуль партыя “Грамадзянская плятформа” – яе падтрымалі 44% выбарцаў. Кіруючая цяпер партыя “Права і справядлівасьць” атрымала 31% галасоў. У парлямэнт увайшлі яшчэ дзьве палітычныя сілы – “Блёк левых партыяў і дэмакратаў” і Польская сялянская партыя.
Адаразу пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў галасаваньня лідэр “Грамадзянскай плятформы” Дональд Туск заявіў:
“Я хацеў бы падзякаваць усім тым, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць за лепшы лёс. Мы шмат тыдняў пераконвалі, што палякі заслугоўваюць на тое, каб мець лепшы ўрад і лепшае жыцьцё”.
Такія вынікі галасаваньня азначаюць, што ніводная з партыяў ня зможа стварыць ўрад самастойна – прыйдзецца шукаць кааліцыянтаў. Найбольш рэальна выглядае кааліцыця паміж Грамадзянскай плятформай і “Блёкам левых сілаў і дэмакратаў”.
Між тым цяперашяя кіруючая партыя “Права і справядлівасьць” пераходзіць у апазыцыю.
“Тое што мы зрабілі цягам мінулых двух гадоў, шмат хто ў Польшчы заўважыў, і гэтыя людзі зноў нас падтрымалі. Ад шчырага сэрца дзякую ім за гэта”, – заявіў лідэр “Права і справядлівасьці”, прэм’ер-міністар Яраслаў Качыньскі.
Што да магчымага ўплыву вынікаў выбараў на польскую пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі, дык тут наўрад ці можна чакаць нейкіх зьменаў.
Вядучыя палітыкі “Грамадзянскай плятформы” а таксама Дэмакратычнай партыі – Богдан Кліх, Дональд Туск, Браніслаў Камароўскі ды іншыя і ў Польшчы і ў Эўрапарлямэнце неаднойчы ўздымалі праблемы, зьвязаныя з палітыкай і Варшавы і Брусэлю у дачыненьні да Менску.
Паводле польскага Цэнтарвыбаркаму афіцыйныя вынікі выбараў будуць вядомыя ў панядзелак увечары.