Пра беларускіх «Ляпісаў» напісалі кнігу
- 25.10.2007, 11:07
У верасні ў Расеі ў продаж паступіў першы ў гісторыі літаратурны опус пра гурт "Ляпіс Трубяцкі". Яго аўтар – вядомы расейскі журналіст Ілля Стогаў.
Кніга называецца "Песні заходніх славян" і распавядае таксама пра два найбольш вядомыя украінскія рок-калектывы – "Воплі Відаплясава" і "Акіян Эльзы". Усе ўкраінцы змясціліся ў адной палове кнігі, а другая цалкам прысвечаная "Ляпісам".
Стогаў прасочвае ўвесь творчы шлях беларусаў: ад першага канцэрту ў 1990 годзе да альбома "Капітал", які выйшаў сёлета. Пры гэтым ён не толькі пералічвае факты і цытуе шматлікія інтэрв'ю Сяргея Міхалка, але і дзеліцца сваімі асабістымі ўражаннямі ад Беларусі і яе людзей.
Кнігу не назавеш занадта падрабязнай – гэта хутчэй вялікае эсэ, чым дэталёвая гісторыя. Да таго ж стваралася яна без удзелу "Ляпісаў", але Сяргей Міхалок застаўся ёй задаволены. "Ёсць, вядома, некаторыя фактычныя памылкі і недакладнасці, але ўсё гэта дробязі. Для мяне было цікава прачытаць першы больш-менш выразны погляд на наш гурт з боку, – лічыць ён. – А ўвогуле, пэўна, нам шмат гонару – мы толькі пачынаем!".