27 красавiка 2024, Субота, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Габрэйскія могілкі разбураныя ў Берасьці, Бабруйску, Магілёве, Шклове і Барысаве

3

У Берасьці, Бабруйску і Барысаве дасьледуюць крымінальныя справы паводле фактаў вандалізму на габрэйскіх могілках. Разам, паводле зьвестак Зьвязу габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Беларусі, сёлета пашкодзілі больш як трыццаць памятных знакаў і помнікаў габрэям. Што робіцца цяпер на месцах, каб спыніць гэты вандалізм?

Берасьце: Вандалы разьбілі мармуровую аздобу

Сёлета зімой у Берасьці запэцкалі чорнай фарбай мэмарыяльны знак на месцы Берасьцейскага гета. Пазьней вандалы разьбілі тут мармуровую аздобу й спалілі кветкі.

Сёньня “Радыё Свабода” атрымала паведамленьне ад журналіста Яўгена Александровіча, што вінаватых знайшлі, справу перадаюць у суд:

“Гэтая інфармацыя ад начальніка сьледчага аддзелу Ленінскага райаддзелу Берасьця Зьмітра Шурына. Ён таксама паведаміў, што вядзецца сьледзтва яшчэ паводле некалькіх справаў. У прыватнасьці, памятныя знакі, асабліва ля былой сынагогі, былі восем разоў апаганеныя, запэцканыя і разбураныя”, -- паведаміў журналіст для “Радыё Свабода”.

Барысаў: на могілках разьбілі шаснаццаць габрэйскіх помнікаў

У Барысаве сёлета крымінальную справу распачалі ў траўні — неўзабаве пасьля акту вандалізму. Тады на габрэйскіх могілках разьбілі шаснаццаць помнікаў.

Аднак, як кажа кіраўнік тутэйшай габрэйскай арганізацыі Міхал Перац, міліцыя пакуль зламысьнікаў не знайшла:

“Афіцыйны адказ — злачынцаў не ўстанавілі. І больш нічога. У нас такая гісторыя была ў 1998 годзе. Паўтарылася сёлета, а вынік той жа. З боку дзяржаўных структураў аніякай дапамогі не было”, -- кажа Перац.

Бабруйск: “Малююць зоркі Давіда на шыбеніцы”

У Бабруйску цяпер гавораць ня толькі пра беспакаранасьць вандалаў. Суразмоўцы даводзяць, што выказваньні Аляксандара Лукашэнкі пра габрэяў, якія прагучалі 12 кастрычніка, правакуюць непрадказальныя паводзіны антысэмітаў.

“Гэта горад, у якім квітнее антысэмітызм. Размалёўваюцца сьцены сымболікай РНЕ. Малююць зоркі Давіда на шыбеніцы. Зьяўляюцца надпісы кшталту “Габрэі — прэч!”. А ўлада заплюшчвае на гэта вочы”, -- кажа кажа жыхар Бабруйску Алесь Чыгір.

Магілёўшчына: амаль зруйнаваныя габрэйскія пахаваньні ў Крычаве, Шклове, Быхаве, Чавусах

Цяпер на габрэйскіх могілках у Бабруйску — пятнаццаць апаганеных магілаў. А ўвогуле ў рэгіёне, як паведамляе магілёўскі журналіст Алесь Асіпцоў, сытуацыя яшчэ горшая.

Журналіст сьведчыць, што амаль зруйнаваныя габрэйскія пахаваньні ў былых мястэчках, а таксама ў Крычаве, Шклове, Быхаве, Чавусах.

“Актывісты габрэйскай грамады кажуць, што захаваць могілкі магчыма праз наданьне ім статусу помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны. Да прыкладу, у Магілёве ёсьць унікальныя надмагільлі, якія зробленыя майстрамі зь Вільні, Беластоку ды Варшавы. Гэтае пытаньне, аднак, няпроста вырашыць. Істотнай праблемай ёсьць і пошук сродкаў”, -- сказаў журналіст.

Варта таксама адзначыць, што Зьвяз габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў мае намер ушанаваць у Беларусі больш як пяцьдзясят месцаў гібелі габрэяў у Другую усясьветную вайну. Апошні час помнікі паставілі ў Гарадзеі і Слуцку на Меншчыне, а таксама ў Берасьці й Горадні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках