Расейскія спартоўцы бягуць з Беларусі
- 12.11.2007, 11:39
Расейская біятланістка Наталля Сакалова, якая з 2004 года выступала за зборную Беларусі, вярнулася ў нацыянальную каманду Расеі. У сезоне –2006/07 спартоўка заняла 18-е месца ў агульным заліку Кубка свету, і, па словах галоўнага трэнера расейскай зборнай Валерыя Пальхоўскага, мае ўсе шанцы прабіцца ў склад.
Навіна аб вяртанні 34-гадовай Сакаловай зборную Расеі паведаміў яе асабісты трэнер Яўген Калакольнікаў. Пальхоўскі падкрэсліў, што ўсе біятланісткі маюць роўныя шанцы на тое, каб патрапіць ў каманду, і прадузятага стаўлення да Сакаловай у сувязі з яе выступамі за зборную Беларусі не будзе.
Старэйшы трэнер расейскай каманды лічыць, што вяртанне Сакаловай – ва ўсялякім выпадку добрая навіна, бо яе досвед можа спатрэбіцца зборнай. Першы этап Кубка свету па біятлоне – 2007/08 пройдзе ў фінскім Конціалахці з 29 лістапада па 2 снежня.
Наталля Сакалова доўгі час уваходзіла ў пашыраны спіс кандыдатаў у зборную Расеі, але на найбуйнейшыя турніры не выклікалася. З сезону –2004/05 яна выступала за каманду Беларусі і ў мінулым сезоне ўпершыню ў кар'еры стала прызёрам этапу Кубка свету, заняўшы трэцяе месца ў гонцы пераследу на спаборніцтвах у Паклюцы (Славенія). За два апошнія гады яна дзесяць разоў трапляла ў першую дзесятку на этапах Кубка свету.
Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, перад ад'ездам з Беларусі Наталля Сакалова накіравала на імя старшыні Беларускай федэрацыі біятлона Сцяпана Сухарэнкі факс:
«Паважаны Сцяпан Мікалаевіч! У 2004 г. я перайшла ў зборную каманду па біятлоне Рэспублікі Беларусь. Я удзячная Вам і ўсім, хто стварыў мне неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі і выступаў у спаборніцтвах, што дапамагло за два гады заваяваць сем залатых медалёў у летнім біятлоне, стаць чэмпіёнкай Еўропы, прызёрам этапу Кубка свету і лепшай сярод беларускіх біятланістак у сусветным рэйтынгу ў гэтым сезоне.
Але ўвосень 2007 г. мне спаўняецца ўжо 34 гады. У выпадку форс-мажорных акалічнасцяў або спынення спартовай кар'еры я застануся ў цяжкім становішчы: адсутнасць жылплошчы, адсутнасць надзей на працяг службы ў сілавых структурах. (У РФ я мела тры гады службы ў Расейскім войску, восем гадоў – у міліцыі.)
Ды і старая маці, якая жыве адна ў прыватным доме ў г.Чэлябінску, з кожным годам патрабуе ўсё большай увагі.
Таму ў нялёгкай барацьбе з унутранымі супярэчнасцямі я прыняла рашэнне вярнуцца ў расейскі біятлон.
Прашу ўлічыць мае довады і не ўжываць да мяне забаронных мераў».