9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беназір Бхутта адмовілася ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах

Былы прэм'ер-міністр Пакістана Беназір Бхутта, якая знаходзіцца пад дамашнім арыштам у Лахоры, абвясціла, што ні яна, ні яе партыя не будуць удзельнічаць у парламенцкіх выбарах, якія павінны прайсці да 15 лютага 2008 года. Яе заяву перадала брытанская тэлекампанія SkyNews. Таксама лідэр апазіцыі паведаміла, што будзе супрацоўнічаць з іншым былым прэм'ерам Наваз Шарыфам у барацьбе за ўсталяванне дэмакратыі.

Адначасова ў аўторак актывісты Партыі пакістанскага народа, якой кіруе Бхутта, пачалі марш пратэсту супраць увядзення ў краіне рэжыму надзвычайнага становішча, паведамляе РІА "Новости".

Улады змясцілі Беназір Бхутта пад дамашні арышт на сем сутак менавіта для таго, каб яна не змагла ўзначаліць акцыю пратэсту. На мінулым тыдні Пакістанскае кіраўніцтва ўжо аддавала загад аб арышце экс-прэм'ера, тлумачачы гэтае рашэнне жаданнем пазбегнуць нападаў тэрарыстаў, але ў той самы дзень рашэнне было скасаванае.

Пакуль жа ў адсутнасці лідэра калона пратэстантаў і больш за 100 аўтамабіляў пачалі рух з Лахора ў бок горада Касур. Прадстаўнікі партыі сцвярджаюць, што да іх маюць намер далучыцца яшчэ тысячы прыхільнікаў. Незадаволеныя плануюць прайсці каля 300 кіламетраў у сталіцу Ісламабад, праводзячы па дарозе мітынгі. Паводле прагнозаў арганізатараў, акцыя можа заняць тры–чатыры дні.

У панядзелак Бхутта заклікала ўсё насельніцтва Пакістана ўдзельнічаць у маршы. Улады рашуча наладжаныя перашкодзіць шэсцю. 3 лістапада ў краіне быў абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча, прыпыненае дзеянне канстытуцыі, адключаныя ад вяшчання недзяржаўныя інфармацыйныя тэлеканалы, а ў сталіцу і шэраг буйных гарадоў уведзеныя войскі. Урад тлумачыць гэтыя меры актывізацыяй баявікоў-ісламістаў у прымежных з Аўганістанам раёнах і ростам колькасці тэрактаў.

Бхутта, якая цягам апошніх васьмі гадоў пражывала ў эміграцыі, прыбыла на радзіму 18 кастрычніка. Праз некалькі гадзін пасля яе з'яўлення ў краіне на картэж былога прэм'ера была здзейсненая тэрарыстычная атака, у выніку якой каля 140 чалавек загінулі і больш за 500 былі параненыя. Аднак Бхутта заявіла, што мае намер застацца ў Пакістане і ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах, якія маюць быць. Яна выступіла супраць рашэння вайсковага прэзідэнта краіны генерала Первеза Мушаррафа абвясціць рэжым надзвычайнага становішча, назваўшы яго "неканстытуцыйным".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках