7 траўня 2024, aўторак, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абаронцам Андрэя Клімава пагражаюць крымінальнай справай

Начальнік мазырскай калоніі № 20 Юры Збароўскі пагражае крымінальнай адказнасцю падпісантам звароту ў абарону палітвязня Андрэя Клімава.

Намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Кацора атрымаў за подпісам начальніка калоніі ліст, у якім сцвярджаецца, што «факты, выкладзеныя ў звароце, не адпавядаюць рэчаіснасці і носяць паклёпніцкі характар», паведамляе сайт ucpb.org.

«Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжаная крымінальная адказнасць за паклёп. Мы пакідаем за сабою права звароту ў органы пракуратуры для дачы прававой ацэнкі звароту, калі з вашага боку не з’явіцца аспрэчванне і не будуць прынесеныя выбачэнні супрацоўнікам калоніі», – гаворыцца ў лісце.

Уладзімір Кацора расцэньвае такі адказ як «неадэкватную рэакцыю кіраўніцтва калоніі». «Мабыць, там упершыню сутыкнуліся з такімі зваротамі грамадзян. І дэманструюць сваё прававое невуцтва. Калі справа дойдзе да суду, мне будзе цікава сустрэцца з прадстаўнікамі калоніі», – сцвярджае палітык.

Нагадаем, калегі Андрэя Клімава па партыі накіравалі на імя начальніка мазырскай калоніі Юрыя Збароўскага зварот, у якім выказалі абурэнне фактам канфіскацыі ў палітвязня прадуктаў харчавання і запатрабавалі спыніць катаванні Андрэя Клімава голадам, а вінаватых звольніць і ўзбудзіць у дачыненні іх крымінальную справу.

Апазіцыйны лідэр, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Андрэй Клімаў быў арыштаваны 3 красавіка 2007 года за апублікаваныя ў інтэрнэце публіцыстычныя артыкулы. Супраць палітыка ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 361 ч.3 КК РБ "Заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу, ажыццёўленыя з дапамогай СМІ".

1 жніўня Андрэй Клімаў на фактычна закрытым судзе быў прысуджаны да 2 гадоў калоніі строгага рэжыму. "Міжнародная Амністыя" прызнала яго Вязнем сумлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках