«Невыязнымі» будуць 100 тысяч беларусаў
48- 26.11.2007, 14:36
У спіс асоб, якім будзе часова забаронены выезд за межы Беларусі, будуць занесеныя каля 100 тысяч чалавек, паведаміў журналістам у суботу міністр унутраных спраў Беларусі генерал-лейтэнант міліцыі Уладзімір Навумаў.
"Гэты спіс будзе не маленькім. У ім будзе каля ста тысяч чалавек", – сказаў міністр. У яго ўвойдуць асобы, якія маюць непагашаную судзімасць, запазычанасць па аліментах, сказаў У.Навумаў.
Як паведамлялася, МУС Беларусі падрыхтавала праект указу прэзідэнта, датычны адмены дазваляльнага штампа на часовы выезд за мяжу з 1 студзеня 2008 года.
У гэтым звязку МУС Беларусі фармуе банк дадзеных па асобах, якім будзе часова забаронены выезд за межы рэспублікі. У гэтым спісу будуць асобы, якія валодаюць дзяржаўнымі тайнамі, што маюць непагашаную судзімасць, запазычанасць за крэдыты.