Гарыць ключавы вузел нафтаправода «Дружба»
1- 23.11.2026, 8:40
ЗСУ падпалілі нафтаперакачвальную станцыю ў Татарстане.
У ноч на панядзелак, 23 лістапада, беспілотнікі атакавалі нафтаперакачвальную станцыю «Калейкіна» ў Рэспубліцы Татарстан. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра маштабны пажар на месцы атакі. Пра гэта піша расійскае выданне Astra.
Паводле звестак выдання, незадоўга да гэтага ў Татарстане абвясцілі пагрозу атакі беспілотнікаў, а ва ўсіх аэрапортах рэспублікі ўвялі абмежаванні на палёты.
Афіцыйных заяў наконт атакі на гэты момант няма.
Якую ролю адыгрывае станцыя
НПС «Калейкіна» прымае, захоўвае і перакачвае нафту з радовішчаў Татарстана, Заходняй Сібіры, Удмуртыі і Башкартастана. На яе базе працуе аўтаматызаваная сістэма кампаўндавання (змешвання), якая дазваляе даводзіць сыравіну рознай якасці да адзіных стандартаў па ўтрыманні серы.
Адсюль нафту накіроўваюць далей па магістральных нафтаправодах, у прыватнасці па «Дружбе», у бок Ніжняга Ноўгарада і Самары, а таксама на нафтаперапрацоўчыя заводы. Акрамя таго, пры станцыі ёсць абшырны рэзервуарны парк з гіганцкімі рэзервуарамі ёмістасцю да 50 тыс. кубаметраў кожны.
Папярэдняя атака 19 лістапада
Раней станцыю ужо атакавалі беспілотнікі — 19 лістапада. У Генштабе ЗСУ пацвердзілі паражэнне трох рэзервуараў РВСПА-50000 на тэрыторыі НПС. Гэта адны з найбуйнейшых нафтавых рэзервуараў, якія будуюць у Расіі.
Адзін з рэзервуараў загарэўся, два іншыя атрымалі пашкоджанні.