Рахункі «Белнафтахіма» замарозілі ў Латвіі і Эстоніі
10- 12.12.2007, 18:01
Hansabanka у Латвіі і Hansapank у Эстоніі замарозілі рахункі беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім». Адбылося гэта пасля таго, як адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джорджа Буша на пачатку лістапада замарозіла рахункі «Белнафтахіма».
Эстонскі Hansapank 14 лістапада замарозіў рахункі Belneftehim Baltic OU, паведамляе эстонская газета «Дзелавыя ведамасці». Падставай для гэтага стала пастанова савета банка, згодна з якой «замарожваюцца ўсе грашовыя сродкі і эканамічныя рэсурсы, якія знаходзяцца ва ўласнасці, валоданні або пад кантролем прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі. А таксама замарожваюцца грашовыя сродкі некаторых іншых афіцыйных асоб Беларусі, адказных за парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў на прэзідэнцкіх выбарах у 2006 г. і ўжыванне суровых мераў супраць грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, а таксама звязаных з імі фізічных і юрыдычных асоб або арганізацый».
Hansabanka у Латвіі паступіў гэтаксама, аднак пасля ўсё-ткі часова адкрыў рахункі, даўшы фірме, па словах старшыні праўлення Belneftehim Baltic SIA Уладзіміра Дзямідава, «магчымасць разабрацца ў сітуацыі», паведамляе агенцтва www.biznews.lv.
13 лістапада адміністрацыя Джорджа Буша замарозіла рахункі беларускага дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім". Прычынай гэтага амерыканскія ўлады назвалі тое, што канцэрн кантралюецца Аляксандрам Лукашэнкам. Уведзеныя міністэрствам фінансаў ЗША санкцыі тычацца ўсіх прадстаўніцтваў "Белнафтахіма" ў Нямеччыне, Украіне, Латвіі, Расеі і Кітаі, а таксама амерыканскага даччынага падраздзялення канцэрна Belneftekhim USA. Як вядома, ЗША патрабуюць спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць палітвязняў.
«Пакуль не будуць вызваленыя палітвязні, ЗША будуць прымаць санкцыі», – заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх пытаннях Дэвід Крэмер.