Андрэй Тур: «Указы прэзідэнта недатыкальныя»
2- 21.12.2007, 9:54
Урад збіраецца пераглядаць падатковую нагрузку ды мытныя праблемы ЧУПаў. Аднак ніякіх зменаў у сумнавядомы ўказ №760 уносіць не будзе. Таму спадзявацца прадпрымальнікам на нейкі перадкалядны "цуд" ніяк не выпадае.
Праблемы прадпрымальнікаў цяпер разглядае асабіста прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. Аднак намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур развеяў надзеі наконт злашчаснага ўказа №760. Гэты ўказ недатыкальны! “Па 760-ым указе ніякіх зменаў не будзе. Гэта ўвогуле выключана, і ніякіх надзеяў. Няхай ніхто не распаўсюджвае з гэтай нагоды ніякіх чутак”, - паведаміў чыноўнік у інтэрв’ю «Еўрарадыё».
Але некаторыя змены ў заканадаўства, што тычыцца малога бізнэсу, па словах намесніка міністра, усё ж такі ўносяцца: “Выйшаў, 8-ы дэкрэт па спрашчэнні рэгістрацыі. Абмяркоўваем зараз з Мытным камітэтам працэдуры, звязаныя з афармленнем. То бок, калі з 1 студзеня наступнага года будзе ўводзіцца мытнае афармленне, як зрабіць так, каб ураўнаць ЧУПы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Паглядзець падатковую нагрузку па ЧУПах у святле некаторых тавараў. Вось гэтыя пытанні разгледзім”.
Тым часам, прадпрымальніца Кацярына Чыжык ужо другі месяц чакае адказу ад Лукашэнкі. 16 лістапада старшыня Савета па малым бізнэсе і гандлі Кацярына Чыжык напісала ў Адміністрацыю ліст, дзе папрасіла Лукашэнку аб сустрэчы. Такім чынам, у Адміністрацыі парушылі месячны тэрмін на адказ грамадзянам
Аднак прадпрымальніца не згубіла надзеі дачакацца адказу. “Ліст зарэгістраваны, таму чакаю. Мяне абяцалі паінфармаваць. Але пакуль не праінфармавалі. Думаю, трэба проста пачакаць крыху”, - кажа прадпрымальніца.
А тым часам да Новага года, калі пачне дзейнічаць Указ №760, засталося крыху болей за тыдзень.