Следства па справе аб знікненні Юрыя Захаранкі падоўжанае яшчэ на тры месяцы
2- 28.12.2007, 15:45
Зноў на тры месяцы падоўжанае следства па справе знікнення былога міністра ўнутраных спраў і аднаго з лідэраў беларускай апазіцыі Юрыя Захаранкі. Пра гэта паведаміў праваабаронцу Алегу Воўчаку ў тэлефоннай гутарцы следчы па адмыслова важным справам Менскай гарадской пракуратуры Сяргей Кухаронак.
Алег Воўчак заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97, што, чарговым разам падаўжаючы следства па справе Захаранкі, беларускія ўлады толькі «імітуюць бачнасць расследавання».
«Мы не чакаем, што заўтра скажуць, што знайшлі вінаватых у знікненні Захаранкі. Гэта простая фармальнасць, дэманстрацыя таго, што следства па справе нібыта вядзецца. Але насамрэч ніякіх дзеянняў, паводле нашай інфармацыі, даўно не праводзілася. Я абсалютна перакананы, што справа па факце знікнення Захаранкі будзе расследаваная толькі пры новым, законным прэзідэнце», – заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 Алег Воўчак, каментуючы факт падаўжэння следства.
«Цяперашняя ўлада не вечная. За свае злачынныя дзеянні ўсё роўна давядзецца адказваць. І спасылкі на тое, што з боку рэжыму быў нейкі ціск або пагрозы, будуць абсалютна не дарэчныя. Спадары, набярыцеся, нарэшце, мужнасці і дайце сведчанні, што здарылася з генералам Захаранкам і іншымі зніклымі палітыкамі, і хто ў гэтым вінаваты! Падумайце пра іх родных, якія столькі гадоў чакаюць хоць нейкай інфармацыі пра сваіх дзяцей, мужоў, бацькоў. Урэшце, успомніце пра свае душы!» – звяртаецца праваабаронца да тых, хто, на яго думку, валодае пэўнай інфармацыяй пра лёс зніклых палітыкаў.
Нагадаем, былы міністр унутраных спраў і адзін з лідэраў апазіцыі Юры Захаранка знік у траўні 1999 года. Шмат хто ў Беларусі і ў свеце лічаць, што яго выкралі па палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не завершанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і яго лёс, невядомыя.
Міжнародная супольнасць лічыць, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідэраў беларускай апазіцыі датычныя вышэйшыя беларускія службоўцы: міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, сакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман, камандзір спецназу ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка, экс-міністр унутраных спраў Юры Сівакоў.