Моладзь не спыніць
1- 3.12.2007, 10:51
У нядзелю менскія маладафронтаўцы наведалі ў Полацку сваю каляжанку Касю Салаўёву, супраць якой распачата крымінальная справа за “абразу дзяржаўных сымбаляў” (нагадаем, з полацкай пракуратуры быў зьняты і спалены чырвона-зялёны сьцяг) і распачата следзтва па артыкуле 193’1 – “удзел у незарэгістраванай арганізацыі”.
Па словах маладафронтаўкі Людвісі Атакулавай, нягледзячы на жорсткі перасьлед, Кася не зьбіраецца перапыняць сваёй грамадзкай дзейнасьці. “Усё, што адбудзецца, будзе на сумленьні сучасных чыноўнікаў і рэжыму. Я ведаю, штоза намі – праўда. Аднак, часам, чымсьці трэба ахвяраваць”, - адзначыла Людвіся.
Пад час наведваньня высьвятлілася, што пачаліся ціск і запалохваньне атачэньня маладафронтаўкі: “У час ператрусу маю сяброўку так запалохалі, што яна і размаўляць са мною баіцца; два знаёмыя 14-гадовыя хлапчукі, якім пагразілі выключэньнем з гімназіі, сказалі, што на судзе будуць сьведчыць супраць мяне… Але для мяне галоўнае – гэта падтрымка маіх бацькоў. Яны мяне разумеюць, не сварацца, а вельмі моцна падтрымліваюць, за што я ім шчыра ўдзячна”, - сказала Кася Салаўёва.
Дадамо, што разам з маладафронтаўцамі да Касі Салаўёвай езьдзілі журналіст газэты “Беларусы і рынак” Генадзь Барбарыч і праваабаронца Людзміла Гразнова.
Як паведамляла Хартыя’97, моладзевая актывістка была затрыманая тыдзень таму. Затрыманьне адбывалася ў вельмі жорсткай форме, калі людзі ў цывільным кінулі дзяўчыну на брудны асфальт і трымалі так да прыезду міліцыі. На наступны дзень адбыўся ператрус у пакоі інтэрната, дзе жыла Салаўёва, а потым з’явілася інфармацыя, што дзяўчыну-выдатніцу беспадстаўна выключаюць з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.