9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Энергетычнае супрацоўніцтва Беларусі з Еўропай скасаванае з прычыны рэпрэсій супраць апазіцыі»

20–21 верасня міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў па даручэнні аргкамітэта Еўрапейскага Марша знаходзіўся з візітам у Брусэлі. У сталіцы Бельгіі Андрэй Саннікаў сустрэўся з прадстаўнікамі Еўрапейскай Камісіі, у прыватнасці, з начальнікам аддзела Еўракамісіі па Украіне, Малдове і Беларусі Хільдай Хардэман, старэйшым дарадцам Вярхоўнага камісара па знешняй палітыцы Еўразвяза Пірккай Тапіолам, іншымі супрацоўнікамі Еўракамісіі, Рады Еўразвяза, а таксама з Генеральным сакратаром Еўрапейскага руху Хенрыкам Кронерам.

Андрэй Алегавіч, якая мэта Вашага візіту ў Брусэль?

– Мэта візіту – паінфармаваць пра падрыхтоўку Еўрапейскага Марша, пра зварот апазіцыі да ўлад з прапановай аб дыялогу па забеспячэнні мірнага правядзення Марша, у цэлым пра сітуацыю ў Беларусі, пра стан стасункаў Еўразвяза з афіцыйным Менскам на дадзены момант.

Я паінфармаваў прадстаўнікоў Еўракамісіі і Рады Еўразвяза пра тое, што правядзенне Еўрапейскага Марша і прапановы аб супрацоўніцтве па Еўрапейскім Маршы падтрымліваюцца ўсімі дэмакратычнымі сіламі краіны: палітычнымі партыямі, грамадзянскай супольнасцю, праваабарончымі арганізацыямі, інтэлігенцыяй.

Безумоўна, абмяркоўваліся пытанні аб паніжэнні кошту віз для беларускіх грамадзян. Дасягнутая дамоўленасць з уплывовымі міжнароднымі няўрадавымі арганізацыямі, што яны будуць лабіяваць рашэнне гэтага пытання ў інтарэсах беларускіх грамадзян. У прыватнасці, выказваліся прапановы наконт паніжэння кошту віз на першым этапе для моладзі.

Вы казалі пра дзеянні беларускіх улад напярэдадні Еўрапейскага Марша?

– Улады пачалі ўжываць той жа план, які яны рэалізавалі ўжо некалькі разоў у мінулым і сёлета. Ідуць арышты актывістаў па спісах, каб запалохаць людзей, ізаляваць на час правядзення акцыі найбольш актыўных прыхільнікаў дэмакратычнага развіцця Беларусі. Прычым адбываецца гэта ў той момант, калі дэмакраты праводзяць абсалютна мірную і неканфрантацыйную акцыю. Я прасіў прадстаўнікоў ЕЗ звярнуць на гэта адмысловую ўвагу.

Варта сказаць, што абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы, хуліганстве і іншы паклёп нікога ў Еўропе не ўводзяць у зман, а вось тое, што людзей саджаюць за еўрапейскую сімволіку, выклікае крайняе абурэнне і, думаю, неўзабаве могуць з'явіцца афіцыйныя заявы ў сувязі з гэтым. Тым больш, што афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі, як у Брусэлі, так і ў іншых беларускіх амбасадах тлумачаць арышты апошняга часу самадзейнасцю міліцыі і засведчваюць еўрапейцам, што ўсё гэта адбываецца без ведама і без санкцыі кіраўніцтва рэспублікі.

Якая рэакцыя еўрапейцаў на Еўрапейскі Марш, што цяпер рыхтуецца?

– Прадстаўнікі як Еўракамісіі, так і Рады Еўразвяза паведамілі, што ўжо паднімаюць пытанні пра Марш і неабходнасць яго мірнага правядзення ў сваіх, хоць і нешматлікіх, кантактах з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска. Неўзабаве яны гатовыя будуць зрабіць публічныя заявы з сваёй ацэнкай тых перспектыў, якія мог бы адкрыць мірны Еўрапейскі Марш.

Як стала вядома, бессэнсоўныя рэпрэсіі ў дачыненні актывістаў дэмакратычнага руху Беларусі ўжо сарвалі працяг абмеркавання пытання аб энергетычнай бяспецы Беларусі з Еўракамісіяй. На пачатку кастрычніка планаваўся прыезд дэлегацыі Еўракамісіі ў Менск для таго, каб высветліць пазіцыю беларускіх улад па пытаннях магчымага энергетычнага супрацоўніцтва, і гарантавання энергетычнай бяспекі. Аднак ён быў скасаваны менавіта прычыны рэпрэсій апошніх тыдняў.

А якое стаўленне да самой ідэі правядзення Еўрапейскага Марша і прапаноў дыялогу?

– На ўсіх сустрэчах у Брусэлі адчувалася вялікая цікавасць да таго развіцця падзей у Беларусі, якое прапаноўваюць дэмакратычныя сілы – паляпшэнне стасункаў з Еўропай праз унутрыбеларускі дыялог. Ёсць вялікая цікавасць да Еўрапейскага Марша, і ўсе, з кім я сустракаўся, заявілі, што яны будуць уважліва сачыць за падрыхтоўкай і правядзеннем Еўрапейскага Марша і адпаведным чынам рэагаваць на гэта. У той самы час еўрапейцы пацвердзілі сваю цвёрдую і аднадушную пазіцыю па палітвязнях і нязменнасць патрабаванняў аб іх неадкладным вызваленні. Дарэчы, пакуль гэтага не адбудзецца, ніхто не збіраецца пераглядаць або рабіць выключэнні з спісу невыязных беларускіх службоўцаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках