9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Бялград адправіцца Руслан Аляхно (відэа)

26-гадовы выхадзец з Бабруйска Руслан Аляхно з песняй "Hasta la Vista" прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2008", які пройдзе ў канцы траўня ў сталіцы Сербіі Бялградзе.

Імя пераможца вызначыла прафесійнае журы паводле вынікаў фіналу Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекту "Еўрафэст", які адбыўся ўвечары 21 студзеня ў менскім Палацы спорту.

У фінале конкурсу выступілі чатыры ўдзельнікі: Руслан Аляхно, Gunesh, гурты “По глазам” і "Litesound".

У склад журы ўвайшлі першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, народныя артысты Беларусі Васіль Раінчык і Анатоль Ярмоленка, народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, дырэктар дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампаніі Дзяніс Шпітальнікаў, намеснік дырэктара галоўнай дырэкцыі Першага канала Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Капенкін, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, кампазітар Леанід Шырын. Старшыня журы – народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг.

Згодна з новымі правіламі конкурс "Еўрабачанне-2008" будзе складацца з двух паўфіналаў (пройдуць 20 і 22 траўня) і фіналу, які запланаваны на 24 траўня. Прадстаўнік Беларусі возьме ўдзел у адным з паўфіналаў.

Паводле правілаў, якія дзейнічалі раней, права на аўтаматычны выхад у фінал, апроч канкурсантаў з краін–заснавальніц конкурсу, мелі выканаўцы, якія ўвайшлі ў дзесятку лепшых. На гэта разлічвала і Беларусь, прадстаўнік якой Дзмітрый Калдун у 2007 годзе заняў на "Еўрабачанні" шостае месца. Аднак новы рэгламент дае права на аўтаматычны выхад у фінал толькі канкурсантам з Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Гішпаніі і Францыі – краін–заснавальніц "Еўрабачання", а таксама з краіны – пераможцы папярэдняга конкурсу.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках