У Гомелі патрабуюць спыніць пераслед студэнтаў за іншадумства
- 24.01.2008, 10:57
23 студзеня прадстаўнікі аб'яднаных дэмакратычных сілаў Гомельскай вобласці звярнуліся з адкрытым лістом да рэктара Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Ф.Скарыны Аляксандра Рагачова з патрабаваннем адмяніць загад аб адлічэнні студэнта Змітра Жалезнічэнкі.
БелаПАН нагадвае, што Жалезнічэнка, выдатнік вучобы, быў адлічаны 7 верасня 2007 года. Ён з'яўляецца намеснікам старшыні грамадскай арганізацыі "Талака" і намеснікам старшыні абласной арганізацыі моладзевага крыла партыі БНФ "Моладзь БНФ". Адлічэнне з ВНУ актывіст лічыць палітычна матываваным.
Цягам чатырох месяцаў былы студэнт абскардзіў у судах розных інстанцый загад рэктара. 16 студзеня суд Цэнтральнага раёна адмяніў загад рэктара і абавязаў ВНУ аднавіць студэнта. 18 студзеня З.Жалезнічэнку аднавілі ў ВНУ, а 22 студзеня рэктар зноў адлічыў яго "за парушэнне правіл унутранага распарадку, невыкананне загада рэктара і парушэнне пагаднення паміж універсітэтам і прафсаюзным камітэтам".
23 студзеня З.Жалезнічэнку павінны былі заклікаць у войска, але ён захварэў.
Пад адкрытым лістом падпісаліся лідэры абласных арганізацый апазіцыйных партый і грамадскіх аб'яднанняў.
"Мы лічым загад аб адлічэнні палітычна матываваным, і зважаем на гэта рэктару ВНУ. Таксама мы нагадваем, што ўніверсітэты цягам стагоддзяў з'яўляліся апорай прагрэсу і свабоды, таму недапушчальна, каб у наш час студэнтаў пераследавалі за іншадумства. Пераслед студэнтаў за палітычныя погляды супярэчыць канстытуцыі і міжнародным прававым актам. Адмяніўшы загад, рэктар захавае рэпутацыю ўніверсітэта і не дазволіць упісаць у яго гісторыю ганебную старонку пераследу студэнтаў за іншадумства", – лічаць падпісанты.