Парламенцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на канец верасня
- 28.01.2008, 16:40
У гэтым годзе мінае тэрмін паўнамоцтваў абедзвюх палат беларускага "парламента" – "савета рэспублікі" і "палаты прадстаўнікоў". Выбары павінны адбыцца не пазней як 12 кастрычніка. Але з улікам таго, што па Канстытуцыі прадугледжаная магчымасць правядзення двух тураў галасавання, найбольш верагодная дата выбараў – канец верасня. Такім чынам, выбарчая кампанія афіцыйна можа пачацца ў канцы чэрвеня гэтага года.
Пра гэта сёння на сустрэчы размаўлялі Аляксандр Лукашэнка і старшыня беларускага ЦВК Лідзія Ярмошына. Як перадаюць афіцыйныя СМІ, на сустрэчы "абмяркоўваліся некаторыя канцэптуальныя пытанні правядзення парламенцкіх выбараў".
"Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што міжнародныя назіральнікі будуць запрошаныя на гэтыя выбары. Прычым у тым аб'ёме і колькасці, у якім пажадаюць і палічаць неабхдным тыя міжнародныя арганізацыі, што будуць прыцягнутыя да ўдзелу ў выбарах – і АБСЕ, і СНД, якія, як правіла, накіроўваюць свае місіі. Яны ніяк не будуць абмежаваныя ў колькасным складзе", – адзначылі ў прэс-службе Лукашэнкі.
Нагадаем, што за фальсіфікацыю вынікаў парламенцкіх выбараў–2004 Лідзія Ярмошына патрапіла ў спіс службоўцаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага Звязу.
Беларуская апазіцыя, нагадаем, настойвае на правядзенні выбараў у дэмакратычных умовах.
«Сэнс удзелу ў любых выбарах існуе толькі тады, калі на іх можна перамагчы. А у беларускіх умовах перамагчы магчыма толькі, калі ўлада выканае 12 умоў Еўразвяза. Таму кампанія «Еўрапейская Беларусь» – гэта падрыхтоўка да выбараў у сэнсе дасягнення рэальных умоў свабодных выбараў і вызвалення ўсіх палітвязняў», – заявіў адзін з лідэраў партыі БНФ Віктар Івашкевіч, каментуючы стаўленне кампаніі «Еўрапейская Беларусь» да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах.
«Калі ўлады не пойдуць на дэмакратызацыю краіны, калі будуць рыхтаваць замест сапраўдных выбараў выбарчы фарс, наш народны рэферэндум, які будзе праходзіць у розных формах: у выглядзе мітынгаў, збору подпісаў, публікацый у прэсе, будзе альтэрнатывай гэтаму выбарчаму фарсу», – падкрэсліў Віктар Івашкевіч.