Лідэры краін Еўразвяза прынялі план па барацьбе з фінансавым крызісам
- 13.10.2008, 8:28
Кіраўнікі 15 дзяржаў, што ўваходзяць у еўразону (краіны з адзінай валютай еўра), у нядзелю прынялі праект плану сумесных дзеянняў па барацьбе з сусветным фінансавым крызісам.
Выступаючы на прэс-канферэнцыі пасля саміту, які адбыўся ў Парыжы, прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі абвясціў, што прыняты план прадугледжвае дзяржаўнае страхаванне міжбанкавых пазык і прыняцце мер па падтрымцы пацярпелых ад крызісу фінансавых інстытутаў, у тым ліку частковую нацыяналізацыю банкаў, паведамляе агенцтва France Presse.
"Фактычна гэта агульны план дзеянняў, якія мы прадпрымаем разам. Гэты план закранае ўсе аспекты фінансавага крызісу", - заявіў Сарказі. Сума, якую плануецца выдаткаваць на рэалізацыю плану, названая не была. Па словах Сарказі, усе краіны, якія ўхвалілі план, прадставяць уласныя праграмы з пэўнымі планамі выдаткаў у панядзелак.
Па меркаванні канцлера Германіі Ангелы Меркель, прыняты план паслужыць заспакойлівым сігналам для фінансавых рынкаў. Упэўненасць у гэтым таксама выказаў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Гордан Браўн, які прымаў удзел у саміце, нягледзячы на тое, што ў Вялікабрытаніі дзейнічае нацыянальная валюта.
Прыняты лідэрамі краін еўразоны план падтрымаў кіраўнік Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Дамінік Строс-Кан, які выказаў надзею на тое, што ў наступным аналагічны адзіны пакет мер будзе прыняты ва ўсім Еўразвязе.
Нагадаем, раней асобныя еўрапейскія краіны ўжо выступалі з ініцыятывамі па пераадоленні фінансавага крызісу. Так, Вялікабрытанія абвясціла аб намеры вылучыць паўтрыльёны фунтаў сцерлінгаў на падтрымку банкаўскай сістэмы, Нарвегія гатовая вылучыць на тыя жа мэты больш за 50 мільярдаў еўра, а Партугалія - каля 20 мільярдаў.