13 чэрвеня 2026, Субота, 21:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыццё выпускнікоў беларускіх вну: заробак 120 даляраў і жыллё без гарачай вады

6

Студэнты, якія патрапяць па размеркаванні ў глыбінку, рызыкуюць два гады пражыць у галечы. Па тэлевізары жыццё размеркаваных маладых спецыялістаў выглядае прыстойна. Але ў рэальнасці шматлікія з іх зарабляюць капейкі — крыху больш за сто даляраў ЗША.

«Еўрарадыё» пагаварыла з былым маладым спецыялістам Яўгенам Ляхоўцам, жыхаром Жлобіна. Ягоны тэрмін размеркавання на вёсцы скончыўся два месяцы таму. Цяпер Яўген працуе на будаўніцтве пяцізоркавага гатэля ў Сочы. Журналісты датэлефанаваліся Яўгену акурат у той момант, калі ён працаваў з перфаратарам. Будаўнік спыніў працу і распавёў нам, дзе вучыўся і што з гэтага выйшла:

«Буда-Кашалёўскі дзяржаўны каледж, тэхнік-электрык. З'ехаў у вёску Чыркавічы Светлагорскага раёна. Працаваў па размеркаванні інжынерам-электрыкам у камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве. Гарачай вады там не было ў хаце. Пражыў так два гады, размеркаванне скончылася ў жніўні гэтага года. Сярэдні заробак быў 120 даляраў. Вось так прыходзілася жыць. Былі і рызыкоўныя моманты працы, аднойчы ледзь не зваліўся ў бочку з г..ом. З добрых успамінаў толькі гулянкі па вёсцы».

Заробак ў 120 даляраў не вялікі. Хаця на яго можна набыць 125 бутэлек добрага менскага піва або 34 бутэлькі нашага шампанскага. А для таго, каб атрымаць ключы ад двухпакаёвай кватэры ў Менску, адпрацаваць на такім заробку прыйдзецца 833 месяцы.

Дарэчы, студэнты са сталіцы таксама не грэбуюць размеркаваннем у глыбінку. Начальнік аддзела эканомікі Хойніцкага райвыканкама Людміла Лагвіненка распавяла аб маладых спецыялістах, якіх па размеркаванні пастаўляе сталіца.

«Вы ведаеце, ёсць у нас цяпер ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі чалавек, які скончыў менскі ўніверсітэт, і працуе ў нас інжынерам па ахове працы. Ён праходзіць як галоўны спецыяліст, тысяч пад 600 сапраўды зарабляе. Наколькі я ведаю, і гэта дакладная інфармацыя, нашым настаўнікам, калі яны прыязджаюць з іншага раёна, таксама даюць жыллё».

У Хойніцкім райвыканкаме паведамілі, што малады настаўнік у горадзе мае ў месяц каля 350 тысяч рублёў. У вёсцы — каля 400 тысяч. Вясковы выкладчык музычнай школы атрымлівае да 440 тысяч рублёў. Да таго ж пры падпісанні кантракту на два гады маладому настаўніку выдаюць пад'ёмныя — 1 мільён 400 рублёў.

Але і з такой “заманухой” лёс маладога настаўніка зайздросным не назавеш. Таму ў студэнтаў, рызыкуючых патрапіць пад размеркаванне ў наступным годзе, ёсць яшчэ час уладзіць гэта пытанне. Лепш за ўсё знайсці добрую працу, куды ёсць шанец размеркавацца. А калі не атрымаецца — будзьце гатовыя да таго, што можна пакласці зубы на паліцу.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках