17 траўня 2024, Пятніца, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін: «Мы ведаем сапраўдную сутнасць рэжыму»

5

Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 заявіў, што не верыць, што беларускія ўлады здольныя пайсці на дэмакратызацыю ў адказ на зняццё Еўразвязам візавых санкцыяў з беларускіх чыноўнікаў.

«Відавочна, што Еўропа адчыняе новую палітыку ў дачыненні да Беларусі і рассцілае вялікую чырвоную дарожку перад беларускімі ўладамі. Зняццё санкцыяў у такім аб'ёме адбылося ў момант, калі не зроблена ніякіх рэальных крокаў па дэмакратызацыі сітуацыі ў краіне. Еўрапейскія чыноўнікі зрабілі гэты аванс з разлікам, што ўлады зробяць дзейсныя, канкрэтныя крокі. Але ж мы добра ведаем сапраўдную сутнасць рэжыму Лукашэнкі і лічым, што наўрад ці гэтым надзеям наканавана апраўдацца. Калі б Лукашэнка быў гатовы змяніцца, мы былі б рады. Але я сумняюся ў гэтым, бо за 14 гадоў ён не змяніў свайго ўзроўня свядомасці.

Мы адзначалі шмат разоў, што ніякіх крокаў па лібералізацыі сітуацыі ў Беларусі не было. Гэта ж было адзначанае ў рэзалюцыі Еўрапарламента. Калі і былі змены, дык нязначыня. Вядома, добра, што вызвалілі палітвязняў, але не былі зліквідаваныя прычыны, чаму гэтыя палітвязні з'яўляюцца.

На паседжанні Еўрапарламента я казаў, што зняццё зараз санкцыяў з Лукашэнкі можа выклікаць дэпрэсію ў грамадзянскай супольнасці, якая падпадае пад ціск з боку ўладаў. Перш чым здымаць санкцыі, трэба, каб беларускія ўлады выканалі чатыры ўмовы: змянілі выбарчае заканадаўства, вырашылі пытанне з незалежнымі СМІ у поўным аб'ёме, дазволілі партыям і грамадскім аб'яднанням рэалізоўваць іх палітычныя правы, выключылі з Крымінальнага кодэкса артыкулы, якія дазваляюць пераследваць грамадзянаў па палітычных матывах», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Казулін.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках