9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: «Гэты ўрад можа праваліцца за два дні»

6

Незалежныя аналітыкі, нягледзячы на пераможныя рэляцыі аб стане беларускай эканомікі, лічаць, што наша краіна толькі ўступае ў перадкрызісны стан.

Белстат адчытаўся, што за студзень-жнівень бягучага года беларускі экспарт павялічыўся на 55,4 адсотка (прагноз на год -- 16-17%), імпарт - на 54,8% (прагноз -- 12,5-13,5%). Больш за тое, аб'ём інвестыцыяў у асноўны капітал у Беларусі ў студзені-верасні павялічыўся на 23,2% да Br24 трлн.

Кандыдат эканамічных навукаў Леанід Заіка ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану» заявіў, што не трэба спакушацца гэтымі прывабнымі лічбамі:

- Па-першае, гэта безнадзейна састарэлыя дадзеныя. Эканамічная статыстыка ва ўмовах нарастальнага глабальнага фінансавага крызісу змяняецца ледзь не кожны дзень. Да прыкладу, па стане на 1 кастрычніка мы ў расейцаў набылі розных тавараў і паслугаў на 8 (!!!) мільярдаў даляраў больш, чым ім жа прадалі.

Па-другое, коштавая кан'юнктура ў свеце моцна змяняецца ў бок змяншэння, і яна непасрэдна закране нашы валютаўтваральныя прадпрыемствы. Кошты на нафту садзмуліся са 160 даляраў за барэль да 80. А мы прадаем у год нафтапрадуктаў у асноўным у краіны Еўропы на суму ў 6 мільярдаў даляраў. Само сабой зразумела, што пры такім раскладзе панясем каласальныя страты. Яны будуць абумоўленыя яшчэ і той акалічнасцю, што рост коштаў на любыя тавары і паслугі зніжаецца. Зменшыцца колькасць жадаючых набываць беларускія калійныя ўгнаенні і металы - адпаведна 1,5 і 1 мільярдаў валютнай выручкі. Ва Украіне ўжо зачынілася палова металургічных заводаў - катастрафічна звузілася колькасць жадаючых купляць украінскі метал. Прыблізна тое ж чакае і наш Жлобінскі металургічны завод.

Па-трэцяе, і гэта самае небяспечнае. Расейскія дзелавыя колы ўжо паведамілі, што будуць значна скарачаць колькасць тых, хто працуе на большасці прадпрыемстваў РФ. Мяркую, што ў першую чаргу, не гледзячы на «братэрскую любоў» будуць скарачаць беларускіх гастарбайтэраў, якіх у суседняй краіне налічаецца да 700 тысяч чалавек. Гэтыя людзі прыедуць сюды расчараваныя, злыя і жадаючыя паквітацца з гэтым самым глабальным фінансавым крызісам. Якім чынам? Зняццём банкаўскіх укладаў. Да іх могуць вельмі хутка далучыцца «несвядомыя» мясцовыя беларусы. Калі, не дай Бог, грымне паніка, дык ўрад можа праваліцца за 2 дні. Вядома, да гэтага далёка, але выключаць такую магчымасць таксама нельга.

Падагульняючы, магу сказаць, нашая эканоміка ў бліжэйшай будучыні можа зваліцца на 5-15 адсоткаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках