21 траўня 2024, aўторак, 13:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі змен не будзе, праз паўгады санкцыі будуць адноўленыя аўтаматычна

4
Калі змен не будзе, праз паўгады санкцыі будуць адноўленыя аўтаматычна

Рашэнне Еўразвяза перайсці ў адносінах з беларускім рэжымам ад палітыкі ізаляцыі да палітыкі дыялогу менавіта пасля недэмакратычных «парламенцкіх выбараў» неадназначна ўспрынятае беларускай апазіцыяй. Такой жа неадназначнай была і пазіцыя еўрадэпутатаў.

У канферэнцыі «Беларусь пасля выбараў», арганізаванай па ініцыятыве германа-беларускай парламенцкай групы бундэстага і арганізацыі "Еўрапейскі абмен 6000", удзельнічалі парламентарыі, прадстаўнікі МЗС і няўрадавых арганізацый, дыпламаты з досведам працы ў Беларусі, прадстаўнікі АБСЕ, а таксама прадстаўнікі беларускіх дэмсіл, перадае «Нямецкая хваля».

Для аднаўлення санкцый адмысловых рашэнняў не спатрэбіцца

Распачынаючы дыскусію, прадстаўнік фракцыі Звяз 90/Зялёныя і намстаршыні беларуска-германскай парламенцкай групы Марылуізэ Бек (Marieluise Beck) канстатавала, што рашэнне перайсці ад палітыкі ізаляцыі да палітыкі дыялогу менавіта пасля парламенцкіх выбараў, якія прайшлі, неадназначна ўспрынята часткай беларускай апазіцыі. Такой жа неадназначнай, паведаміў краўніку фонду "Навука і палітыка" Райнэр Ліндэр (Rainer Lindner), была і пазіцыя еўрадэпутатаў: падчас дэбатаў з нагоды зняцця на паўгады візавых абмежаванняў для шэрагу беларускіх чыноўнікаў, некаторыя еўрапарламентарыі выказваліся катэгарычна супраць, сцвярджаючы што для гэтага няма падставаў.

Тлумачачы рашэнне ЕЗ, удзельнікі дыскусіі неаднаразова падкрэслівалі, што зняцце санкцый – шмат у чым фармальны крок Еўразвяза. Лукашэнку была пастаўленая ўмова: вызваліць палітвязняў. І ён гэта зрабіў. Пакінуць гэты крок без адказу было бы неразумным. Калі жа з боку афіцыйнага Менска рэальных змен не рушыць услед, санкцыі будуць адноўленыя праз паўгады аўтаматычна. І, як падкрэсліў Райнэр Лінднэр, для гэтага нават не запатрабуецца ніякіх адмысловых паседжанняў. Акрамя таго, Лінднэр заклікаў памятаць аб фармулёўцы ЕЗ, зробленай па выніках апошняй электаральнай кампаніі ў Беларусі, – "парламент з недастатковай легітымацыяй".

Назіральнікі ўбачылі толькі сегмент палітычнай сцэны

Тэму ацэнкі выбараў працягнуў падчас дыскусій амбасадар, палітычны аналітык місіі АБСЕ па назіранні за выбарамі Вальтар Зігль, адзначыўшы, што назіральнікі маглі бачыць не ўсю палітычную сцэну, а толькі ейны сегмент. Пяты раз АБСЕ дае адны і тыя жа рэкамендацыі Беларусі, і на пытанне, ці ёсць шанец быць пачутымі, варта будзе яшчэ адказаць, адзначыў Вальтар Зігль, нагадаўшы, што "памылкі былі, і Лукашэнка заявіў, што гатовы над імі працаваць": "Ёсць вызначаныя крокі з боку ўрада Беларусі, якія даказваюць цікавасць да дыялогу. Дыялог адкрыты. І мы спадзяемся, што на гэтым шляху можна рухацца наперад".

Візавае пытанне і свабода СМІ

Палягчэнне візавага рэжыму для простых беларусаў, асабліва на фоне адмены візавых санкцый для чыноўнікаў, - адно з цэнтральных пытанняў дыскусіі, якая прайшла ў бундэстагу. Шматлікія яе ўдзельнікі з нямецкага боку сходзяцца ў меркаванні: цяперашняя візавая палітыка ў адносінах беларусаў – дыскрымінацыйная. Марылуізэ Бек паведаміла, што група дэпутатаў бундэстага рэгулярна звяртаецца па гэтай падставе ў МЗС ФРГ. Па ейных словах, "федэральны ўрад хаваецца за ЕЗ і кажа, што мы не можам заахвочваць гэтага дыктатара. Але ў выніку караецца грамадства, якое само пакутуе ад гэтага дыктатара. У той час, як паездкі, сустрэчы, знаёмствы з адрытымі грамадствамі могуць натхняць беларусаў".

Характэрна, што крыніца ў МЗС ФРГ ускосна пацвердзіў словы Марылуізэ Бек, спаслаўшыся на тое, што пасля пашырэння шэнгенскай зоны рашэнне аб выдачы візы залежыць ад усіх дзяржаваў-удзельнікаў шэнгенскай дамовы. Але, як падкрэсліў крыніца, хуткім часам у МЗС ФРГ абгавораць магчымасць паніжэння кошту віз для беларусаў да 35 эўра. Гэты жа крыніца задаўся рытарычным пытаннем: чым грамадзяне Беларусі горш за грамадзян Расеі або Ўкраіны?! Разам з тым, ён адзначыў, што для ўвядзення бязвізавага рэжыму ў Беларусі няма "прававых умоваў".

Удзельнікі дыскусіі надалі ўвагу сітуацыі са свабодай СМІ. Як адзначыў, экс-кіраўнік місіі АБСЕ у Беларусі Ханс-Георг Вік (Hans-Georg Wieck), дэмакратызацыю яшчэ можна нейкім чынам уявіць без нейкай апазіцыйнай партыі, але яе немагчыма ўявіць без свабодных СМІ. І наступнай пэўнай умовай працягу дыялогу з афіцыйным Менскам павіннае быць менавіта вызваленне СМІ ад татальнага дыктату дзяржавы.

Дыскусія без захапленняў, але з цвярозай адзнакай

Дыскусію, якая прайшла, адзін з яе ўдзельнікаў праваабаронца Алесь Бяляцкі назваў важнай для ацэнкі сітуацыі і перспектываў для ўзаемаадносінаў паміж еўраструктурамі – ЕЗ, Рады Еўропы, самім урадам ФРГ і Беларуссю: "Ішла канструктыўная гутарка пра магчымую праграму пэўных дзеянняў еўраструктур, накіраваную на дэмакратызацыю сітуацыі ў Беларусі. Не было беспадстаўных захапленняў з нагоды дзеянняў беларускага ўрада, а была цвярозая адзнака той складанай сітуацыі, якая ёсць на сённяшні дзень у Беларусі.

Райнэр Лінднэр адзначыў, што дыскусія ў бундэстагу прайшла вельмі своечасова. Акрамя ўсяго іншага, менавіта цяпер вельмі важна растлумачыць: змякчэнне візавых санкцый не азначае адмову ад падтрымкі апазіцыйных сіл. "Самае галоўнае, што мы пасля выбараў сабраліся з прадстаўнікамі АБСЕ, прадстаўнікамі незалежных назіральнікаў у Беларусі і, вядома, з палітыкамі з бундэстага і абгаварылі сітуацыю пасля выбараў, рашэнне ЕЗ і наступныя крокі ў двухбаковых узаемаадносінах – маніторынг таго, што адбылося і тое, што мы будзем рабіць", - сказаў Райнэр Лінднер.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках