9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адбыўся пленум ЦК ПКБ

2

У пастанове Х пленума Цэнтральнага Камітэта Партыі камуністаў Беларускай, які прайшоў у Менску 19 кастрычніка, кажацца, што ідэю байкоту выбараў трэба лічыць «палітычна шкоднай у сучасных умовах».

"Выбары, якія прайшлі, выявілі шэраг слабых месцаў у арганізацыі партыйнай працы, што выклікае абгрунтаваную трывогу ў святле важных палітычных кампаніяў найбліжэйшай будучыні", — кажацца ў пастанове пленума.

Партыя "не выкарыстала наяўных магчымасцяў па вылучэнні і рэгістрацыі большай колькасці сваіх кандыдатаў у дэпутаты, шэраг партарганізацыяў аказалі ім слабую падтрымку ў перыяд збору подпісаў грамадзянаў і правядзення перадвыбарчай агітацыі". Чальцы ПКБ, уключаныя ў склад акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў, "не здолелі (за рэдкім выключэннем) выкарыстаць нададзеныя паўнамоцтвы для правядзення выбараў у строгай адпаведнасці з заканадаўствам і збору пераканаўчых доказаў недэмакратычнасці мінулай выбарчай кампаніі". "Такой жа ацэнкі" заслугоўвае і праца "шматлікіх назіральнікаў, дэлегаваных партыяй на выбарчыя ўчасткі".

У той жа час, як адзначаецца ў пастанове, "рашэнне партыі аб поўнамаштабным удзеле ў выбарчай кампаніі было правільным". ПКБ "здолела выкарыстаць магчымасці, якія даюцца Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, для актыўнай працы з насельніцтвам, давядзення да людзей сваіх праграмных мэтаў і задачаў, прапановаў аб'яднаных дэмакратычных сілаў па змене сітуацыі ў краіне, крытычнага аналізу існуючага становішча справаў".

Партыя "забяспечыла вылучэнне і рэгістрацыю сваіх кандыдатаў у 14 выбарчых акругах, а таксама аказала падтрымку дэмакратычным кандыдатам у іншых рэгіёнах". Большасць кандыдатаў-камуністаў "здолелі з'яднаць вакол сябе дзеяздольныя каманды і правялі ў сваіх акругах якасныя выбарчыя кампаніі, атрымаўшы значную падтрымку выбаршчыкаў". "Няма ніякіх сумневаў, што пры сумленным падліку галасоў, без масавых фальсіфікацыяў волевыяўлення грамадзянаў, на якія ў чарговы раз пайшоў кіуючы рэжым, шэраг чальцоў ПКБ атрымалі б мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў", — сцвярджаецца ў пастанове.

Ідэю байкоту выбараў ПКБ лічыць "палітычна шкоднай у сучасных умовах". "Выяўленне і фіксацыя масавых парушэнняў беларускага заканадаўства <…> сталі магчымымі толькі дзякуючы ўдзелу ў выбарах тых палітычных сілаў, якія знайшлі ў сабе сілы прайсці ўсе этапы выбарчай кампаніі, нягледзячы на загадзя няроўныя ўмовы яе правядзення", — гаворыцца ў дакуменце.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках