9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Марыніч: «Новая цана на расейскі газ будзе непад'ёмнай для беларусаў»

6

Падаражэнне расейскага газу з наступнага года да 200-250 даляраў за тысячу кубаметраў сур'ёзна ўдарыць па беларускай эканоміцы. На думку экс-міністра знешнеэканамічных сувязяў і былога палітвязня Міхаіла Марыніча, газавыя цэны і без таго занадта цяжкія для Беларусі.

«Сёння, безумоўна, любая цана, і цяперашні цана, становіцца непад'ёмнай. Таму народу прыйдзецца зацягнуць паясы», -- заявіў былы міністр у інтэрв'ю «Немецкой волне».

Разам з тым, на думку Марыніча, на альтруізм з боку Расеі беларускім спажыўцам асабліва разлічваць не варта. «Расея сама ідзе на рынкавыя, сусветныя цэны. Таму для Беларусі нейкіх дадатковых умоваў Расея ствараць не будзе».

І у гэтай сітуацыі, на погляд Міхаіла Марыніча, Беларусі трэба перабудоўваць эканоміку пад рынкавыя цэны на энерганосьбіты, а не спадзявацца на нечаканую добразычлівасць суседзяў.

Разам з тым, незалежны эканаміст Іван Анташкевіч лічыць, што газавыя цэннікі для Беларусі па-ранейшаму залежаць не столькі ад эканомікі, колькі ад палітыкі.

«Усё залежыць ад палітычных рашэнняў Крамля. Ці здолеюць яны дамовіцца на АДКБ, ці задавальняе іх такая пазіцыя ці не задавальняе», -- кажа Анташкевіч. Аднак, ён мяркуе, што Масква зараз не зацікаўленая выкручваць рукі саюзнікам эканамічнымі метадамі. Таму, паводле словаў эканаміста, "пры любых варыянтах, пры любых пазіцыях, цана не будзе імкнуцца вельмі высока. Таму што калі гаворка і ідзе аб 200 далярах, дык гэта можа быць лімітная лічба".

Але нават "лімітная" лічба, на погляд Івана Анташкевіча, не прывядзе да эканамічнага крызісу. "Не зусім эканоміка гатовая да сусветных цэнаў на энерганосьбіты. Тым не менш, я не думаю, што ў цяперашніх умовах, калі будзе цана газу 140 даляраў і нават калі будзе 200 даляраў, у гэтай сістэме няма рэзерву для падцягвання штаноў, зацягвання рамяня".

Нагадаем, што Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў не выключае, што цана расейскага газу для Беларусі ў 2009 годзе можа скласці каля $250 за тысячу кубаметраў.

«Калі груба па формуле зараз прыкінуць, дык цана газу для Беларусі атрымліваецца каля $250 за 1 тыс. куб. м», - сказаў Сурыкаў учора ў інтэрв'ю агенцтву «Интерфакс-Запад».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках