9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: «Не чакайце, што прыедуць расейцы і ўсё купяць»

17

Аляксандр Лукашэнка сёння падчас разгляду кадравых пытанняў большую частку свайго выступа прысвяціў фінансаваму крызісу.

"Я папярэдзіў чальцоў урада: у краіне крызісу няма і ні аб якім крызісе гаворка ісці не будзе. У эканоміцы важны псіхалагічны фактар, і ні ў каго не атрымаецца закалыхваць сябе тым, што, маўляў, цяжка, крызіс, значыць, можна знізіць вытворчыя паказчыкі і не плаціць зарплату людзям. Гэта не прымаецца", - заявіў Лукашэнка пры разглядзе кадравых пытанняў.

Беларускі кіраўнік таксама папярэдзіў міністраў і ўрад: "дзяржава не будзе трываць утрыманскай пазіцыі прадпрыемстваў, незалежна ад формы ўласнасці".

"Сёння пад шумок сусветнага крызісу некаторыя кіраўнікі расслабіліся і думаюць, што можна працаваць па канец рук. Бачачы, што ў свеце ў шмат якіх краінах акумулююцца сродкі і перадаюцца суб'ектам гаспадарання, нашы кіраўнікі думаюць: а чаму б не пажывіцца за кошт нейкіх датацыяў ці бюджэту?", - сказаў Лукашэнка.

Між тым, ён не выключыў аператыўнага давання дзяржпадтрымкі асобным прадпрыемствам, якую яны ў хуткім часе павінны будуць вярнуць. "На працягу лістапада мы будзем уваходзіць у курс справы таго ці іншага прадпрыемства, будзем глядзець, чым можна дапамагчы. Але ўжо з 1 снежня прадпрыемствы павінны пачаць вяртанне дапамогі. Вы павінны будзеце вярнуць дзяржаве, народу тое, што будзе прапанавана вам", - сказаў прэзідэнт.

Паводле яго словаў, "таму не трэба разлічваць, што на хвалі гэтага так званага крызісу можна будзе паправіць свае справы, цяпер трэба разлічваць толькі на сябе".

У прэс-службе адзначылі, што Лукашэнка пагадзіўся з меркаваннем, якое выказваецца ў многіх сродках масавай інфармацыі аб тым, што цяперашні сусветны фінансавы крызіс у нейкай ступені можа быць карысны. "Але ён карысны толькі моцным. Гэта праверка, іспыт для эканомікі, улады і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Калі кіраўнікі чагосьці вартыя, дык яны павінны вытрымаць гэты крызіс", - сказаў прэзідэнт.

Самае галоўнае, паводле яго словаў, уважліва паглядзець на бюджэты прадпрыемстваў і ўсвядоміць, што вытворчасць і зарплата - гэта прыярытэт. Усе другарадныя выдаткі павінны быць урэзаныя.

"Шмат каму нялёгка, але вырашаць задачы трэба, і мы павінны дасягнуць пастаўленых мэтаў. Шукайце рынкі і самі прасовайце прадукцыю, а не чакайце ля прахадной, што прыедуць расейцы і ўсё купяць. Трэба дзейнічаць вельмі аператыўна", - дадаў Лукашэнка, звяртаючыся да вытворцаў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках