Еўрапарламент прыме рэзалюцыю аб сітуацыі ў Беларусі 9 кастрычніка
1- 8.10.2008, 14:55
8 кастрычніка ў другой палове дня Еўрапарламент на паседжанні ў Брусэлі абмяркуе сітуацыю ў Беларусі пасля «парламенцкіх выбараў». Па выніках абмеркавання будзе прынятая рэзалюцыя. Плануецца, што галасаванне па дакуменце адбудзецца 9 кастрычніка.
Першапачаткова было падрыхтавана шэсць праектаў рэзалюцыі — шасцю рознымі фракцыямі Еўрапарламента. 7 кастрычніка пяць фракцыяў аб'ядналі свае праекты ў адзін. Асобны праект падалі аб'яднаныя еўрапейскія левыя/ левыя і зялёныя паўночных краінаў (GUE/NGL). Аб гэтым БелаПАН паведамілі ў прэс-службе Еўрапарламента.
Чакаецца, што галасаванне адбудзецца па сумесным праекце пяці фракцыяў. У ім выказанае шкадаванне з нагоды таго, што выбарчая кампанія ў Беларусі, нягледзячы на вялікія надзеі і невялікія паляпшэнні, не была дэмакратычнай. Абраны парламент мае "сумніўную дэмакратычную легітымнасць", лічаць еўрадэпутаты.
У праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускага ўрада ўнесці змены ў выбарчае заканадаўства, падцвердзіўшы тым самым сваю гатоўнасць палепшыць выбарчы працэс. Акрамя таго, Еўрапарламент заклікае афіцыйны Менск паважаць правы чалавека і адмяніць смяротнае пакаранне.