9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намеснік міністра культуры аб крызісе ў Купалаўскім тэатры: «Ёсць дзяржзамова»

3

Міністэрства культуры Беларусі збіраецца дапамагчы Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы выйсці з крызіснай сітуацыі.

Аб гэтым заявіў намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш 8 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску, каментуючы публікацыю ў прэсе адкрытага ліста акторкі тэатра Алены Іваннікавай да Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле яго словаў, міністэрства "дапаможа вырашыць складаную сітуацыю і сродкамі, і на арганізацыйным узроўні".

Нагадаем, акторка напісала аб творчым крызісе ў тэатры: адсутнасці "годных п'есаў і годнай рэжысуры", працы актораў у тэатры "на паўстаўкі", іх пошуку творчай рэалізацыі "на баку". Яна крытыкавала бяздзейснасць Мінкультуры ў сітуацыі, якая склалася, і заклікала кіраўніка дзяржавы "не ўкладваць грошы" у спектаклі, якія ставяцца па дзяржзамове.

Як заявіў намеснік міністра культуры, каментуючы згаданыя праблемы, у Купалаўскі тэатр будуць запрашацца новыя рэжысёры для пастановак, усім творчым калектывам будуць абмяркоўвацца п'есы, прапанаваныя для пастановак.

Чыноўнік не згодны з крытыкай акторкі Купалаўскага тэатра наконт бяздзейснасці Мінкульта. "Міністэрства культуры стварае ўмовы для працы", — заявіў ён.

Разам з тым В.Кураш прызнаў існаванне дзяржаўнай замовы на пастаноўкі. "Ёсць дзяржзамова. Ёсць тэма 60-годдзя вызвалення Беларусі, 60-годдзя з Дня перамогі і яшчэ нейкая дзяржаўная дата, якая святкуецца ўсенародна, і даецца дзяржаўная замова на пастаноўку спектакляў на ваенна-патрыятычную тэму ці, напрыклад, да 200-годдзя з дня нараджэння Дуніна-Марцінкевіча, — сказаў чыноўнік. — Насамрэч, сёлета было пастаўлена восем спектакляў па яго п'есах". Пры гэтым чыноўнік ацэньвае сённяшні рэпертуар тэатра як "добры". Ён нагадаў, што тэатр неаднаразова гастраляваў, да прыкладу, у Расеі і на Украіне.

В.Кураш лічыць, што пералічаныя акторкай праблемы павінны абмяркоўвацца на мастацкіх нарадах у тэатры. "У нас просьба, каб гэтыя моманты аб лёсе тэатра абмяркоўваліся ў калектыве, каб яны не заганяліся ў кут і каб потым гэтае пытанне не набывала асаблівую вастрыню", — сказаў ён. На думку намесніка міністра, канчатковае рашэнне павінен прымаць галоўны рэжысёр.

Генеральны дырэктар тэатра Мікалай Кірычэнка прызнаў існаванне праблемаў, аб якіх напісала акторка. Паводле яго словаў, пасля публікацыі ліста ў тэатры адбыўся сход, на якім акторы "сумленна і непрадузята" выказалі сваю незадаволенасць рэпертуарнай палітыкай і творчай абстаноўкай у калектыве. "Зараз трэба шукаць рашэнне, як выйсці з крызісу", — сказаў гендырэктар тэатра.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках