9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады выступаюць супраць незалежнасці Косава

Генеральная асамблея ААН звярнулася ў Міжнародны суд з просьбай вынесці кансультатыўнае заключэнне аб законнасці абвяшчэння незалежнасці Косава. Сярод краін, якія падтрымалі гэтае рашэнне, была Беларусь.

Як паведаміла агенцтва БелаПАН, 8 кастрычніка асамблея ўхваліла адпаведную рэзалюцыю, прапанаваную дэлегацыяй Сербіі. Яе падтрымалі 77 дзяржаваў, 74 краіны ўстрымаліся і шэсць прагаласавалі супраць, паведамляе Цэнтр навін ААН.

Па інфармацыі РИА Новости з Нью-Ёрка, Беларусь падтрымала рэзалюцыю аб звароце ў суд.

У рэзалюцыі нагадваецца, што 17 лютага 2008 года часовыя інстытуты самакіравання Косава абвясцілі незалежнасць ад Сербіі. Гэты акт "быў неадназначна ўспрыняты сябрамі ААН у плане яго адпаведнасці дзейсным нормам міжнароднага правапарадку". Запыт у Міжнародны суд гучыць так: "Ці адпавядае аднабаковае абвяшчэнне незалежнасці часовымі інстытутамі самакіравання Косава нормам міжнароднага права?"

Міжнародны суд з'яўляецца галоўным судовым органам ААН. У ягоную кампетэнцыю ўваходзіць разгляд спрэчак паміж дзяржавамі і вынясенне кансультатыўных заключэнняў па любым юрыдычным пытанні па запытах Генеральнай асамблеі або Рады бяспекі. Суд складаецца з 15 суддзяў, якія абіраюцца незалежна ад грамадзянства.

Выступаючы 3 ліпеня на вайсковым парадзе ў адзначэнне афіцыйнага Дня незалежнасці Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «прэцэдэнт з аднабаковым, у абыход ААН, абвяшчэннем незалежнасці Косава ярка прадэманстраваў існуючыя падвойныя стандарты і пагрозу перагляду межаў, перадзелу палітычнай карты Еўропы».

«Аднак заахвочванне сепаратызму з'яўляецца неразумнай і небяспечнай палітыкай», – сказаў беларускі кіраўнік.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках