Юры Бандажэўскі: Беларуская дэмаграфічная сітуацыя блізкая да катастрофы
- 9.10.2008, 16:42
9 кастрычніка ў Вільні на міжнароднай канферэнцыі "Навуковыя і гуманітарныя ініцыятывы ў падтрымку ліквідатараў і ахвяраў чарнобыльскай катастрофы» доктар медыцынскіх навукаў прафесар Юры Бандажэўскі заявіў: "Для выратавання беларускай нацыі неабходныя карэнныя змены ў палітыцы, эканоміцы Беларусі і сусветнай супольнасці".
Паводле яго словаў, велізарны рост захворванняў, які прыводзіць да павелічэння смяротнасці і зніжэння нараджальнасці, вызначае цяперашнюю беларускую дэмаграфічную сітуацыю, "якая блізкая да катастрофы".
Як мяркуе навуковец, неабходна аб'яднаць высілкі навукоўцаў-медыкаў і экалагічнай грамадскасці ў межах руху, накіраванага на абарону здароўя людзей. "Гаворка ідзе аб сетцы чарнобыльскіх ініцыятываў, у тым ліку навуковых арганізацыяў і даследчыкаў па праблеме ўплыву радыяцыі на арганізм чалавека, ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы", — сказаў навуковец.
Паводле яго словаў, кансалідацыя навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў у межах сеткі дазволіць каардынаваць іх дзеянні для атрымання і распаўсюду аб'ектыўнай інфармацыі аб уздзеянні радыяцыі на здароўе людзей, а таксама для распрацоўкі і рэалізацыі навукова абгрунтаваных прапановаў, якія маюць на мэце ахову чалавека.
Адным з элементаў гэтай сеткі навуковец бачыць навукова-даследчы цэнтр "Экалогія і здароўе", ствараны ў Літве. "Прыцягненне да працы цэнтра медыкаў, эколагаў, эканамістаў, прамыслоўцаў і юрыстаў з розных краінаў, перш за ўсё Еўразвяза, дазволіць не толькі ацаніць сітуацыю, якая склалася ў галіне дэмаграфіі і аховы здароўя людзей, але і вызначыць магчымыя накірункі выхаду з яе", — сказаў Ю.Бандажэўскі.