25 траўня 2026, панядзелак, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узбекістан абвясціў аб выхадзе з ЕўрАзЭс

Узбекістан у сярэдзіне кастрычніка апавясціў Расею аб прыпыненні свайго ўдзелу ў Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭс).

Аб гэтым паведамляе "Коммерсант" са спасылкай на свае крыніцы ў расейскім міністэрстве замежных спраў. Гэтую інфармацыю пацвердзіў раніцай 12 лістапада і ананімная крыніца агенцтва "Інтэрфакс".

Расейскія дыпламаты адзначылі, што Ташкент не задаволены супрацоўніцтвам з Масквой і, у прыватнасці, мытным саюзам паміж Расеяй, Казахстанам і Беларуссю. "Коммерсант" таксама зважае на тое, што Ўзбекістан абвясціў аб намеры выйсці з арганізацыі пасля таго, як Еўразвяз адмяніў санкцыі ў адносінах гэтай краіны. Яны былі ўведзеныя ў 2005 годзе пасля жорсткага разгону паўстання ў Андыжане.

Узбекістан на працягу апошняга дзесяцігоддзя некалькі разоў мяняў сваю знешнюю палітыку. Так, у пачатку 2000-х Узбекістан уваходзіў у блок ГУУАМ (Грузія, Украіна, Узбекістан, Азербайджан, Малдова), які лічыўся ў Маскве антырасейскім. Аднак пасля ўвядзення санкцый з боку ЕЗ Узбекістан змяніў палітыку і ў пачатку 2006 года ўвайшоў у ЕўрАзЭс.

Газета "Время новостей" зважае на тое, што пакуль незразумела, ці выходзіць Узбекістан з ЕўрАзЭс канчаткова. Справа ў тым, што дакументы ЕўрАзЭс не прадугледжваюць "прыпынення" ўдзелу, аднак менавіта такую фармулёўку ўжылі чыноўнікі з Узбекістана.

ЕўрАзЭс быў заснаваны ў 2001 годзе для фарміравання рэжыму свабоднага гандлю паміж краінамі, што ўваходзяць ў арганізацыю. У межах ЕўрАзЭс таксама плануецца заснаваць мытны саюз, у які, як чакаецца, увойдуць толькі Расея, Беларусь і Казахстан.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках