Вярхоўная Рада Украіны не абрала спікера і разыйшлася да снежня
- 20.11.2008, 13:43
Вярхоўная Радая на паседжанні 20 лістапада так і не змагла абраць спікера. За прапанову распачаць разгляд гэтага пытання прагаласавалі ўсяго 78 дэпутатаў з 439, зарэгістраваных у зале, паведамляе УНІАН.
Сярод тых, хто прагаласаваў "за" былі 11 дэпутатаў фракцыі БЮЦ, 39 - НУНС і 27 - Камуністычнай партыі Украіны.
Пасля гэтага было прынятае рашэнне, што дэпутаты разыйдуцца для працы ў камітэтах і збяруцца на наступнае пленарнае паседжанне 2 снежня.
Нагадаем, што ранейшы старшыня Рады Арсень Яцэнюк быў адпраўлены ў адстаўку 12 лістапада па ініцыятыве дэпутатаў з Партыі рэгіёнаў і пры падтрымцы часткі прапрэзідэнцкай фракцыі НУНС.
У наступныя дні, як паведамлялі СМІ, палітычныя сілы, прадстаўленыя ў Радзе, вялі інтэнсіўныя перамовы аб кандыдатуры новага спікера. Аднак узгадніць кандыдатуру, якая б атрымала большасць галасоў, так і не змаглі.
На 20 лістапада ў лік прэтэндэнтаў на гэтую пасаду ўвайшлі лідэр блока імя сябе і аднайменнай фракцыі Уладзімір Ліцвін, першы віцэ-спікер Аляксандр Лаўрыновіч (Партыя рэгіёнаў), Іван Плюшч (НУНС) і Адам Мартынюк ад Камуністычнай партыі. Акрамя таго, у Раду паступіла прапанова аднавіць на пасадзе спікера Арсеня Яцэнюка.
Вярхоўная Радая была распушчаная прэзідэнтам Віктарам Юшчанкам пасля распаду "памаранчавай" кааліцыі. Аднак праз некаторы час ён быў вымушаны вярнуць парламент да працы і адкласці датэрміновыя парламенцкія выбары да наступнага года, паколькі ўрад Юліі Цімашэнкі адмовіўся фінансаваць выбарчы працэс.