19 красавiка 2024, Пятніца, 21:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Каляда: «Мы адчуваем, што рэпрэсіі перайшлі ў іншую стадыю»

6
Наталля Каляда: «Мы адчуваем, што рэпрэсіі перайшлі ў іншую стадыю»

Беларускі «Свабодны тэатр» вярнуўся з Прагі, дзе праходзіла сустрэча кіраўніцтва тэатра з Вацлавам Гавалам.

У межах Беларускага дня, арганізаванага былым чэшскім прэзідэнтам, быў паказаны спектакль «Пакаленне Jeans». Але пачаць размову з дырэктарам тэатра Наталляй Калядой прэс-цэнтру Хартыі’97 зноў прыйшлося з непрыемнай весткі, якая чакала «Свабодны тэатр» у Менску.

-- Наталля, у першых днях лістапада ваш бацька, Андрэй Каляда, быў звольнены з Беларускай акадэміі мастацтваў. Якая была прычына гэтага звальнення, і як ён сам перанёс гэтую падзею?

-- Для чалавека, беззаветна адданага сваёй справе, адхіленне ад любімай працы – гэтае сур'ёзнае выпрабаванне. Тата перанёс гэта мужна. Ён патлумачыў студэнтам, што не можа працягнуць іх навучанне з прычынаў, якія ад яго не залежаць, падпісаў абыходны ліст і сышоў. Гэты доўгі этап у яго жыцці завершаны, і трэба пераходзіць да наступнага. Я лічу, што яму ёсць чым ганарыцца: ён выпусціў некалькі пакаленняў актораў, стварыў унікальныя методыкі выкладання сцэнічнага маўлення, зрабіў велізарную колькасць літаратурных перакладаў...

Калі казаць аб прычынах звальнення, дык яны ляжаць у сферы прыбірання беларускай мовы са сферы адукацыі і кадравай зачысткі «нядобранадзейных» – прафесіяналаў, якія маюць сваё меркаванне і не прытрымліваюцца ўладных ідэалагічных настаўленняў. Нягледзячы на перавод усёй сістэмы выкладання ў Беларускай акадэміі мастацтваў на расейскую мову, мой бацька працягваў выкладаць на беларускай, лічачы, што беларускі актор, які не валодае тэхнікай сцэнічнага беларускага маўлення – актор непаўнавартасны.

-- Прэтэнзіі аб супрацоўніцтве са «Свабодным тэатрам» таксама выказваліся рэктарам Смольскім?

-- Так, і мусіць гэта больш за ўсё раздражняла кіраўніцтва акадэміі. Рэктар неаднаразова намякаў бацьку, што «тваімі дзецьмі цікавяцца з органаў» і рэкамендаваў не супрацоўнічаць са «Свабодным тэатрам». Але мой бацька сам вырашае, з кім яму супрацоўнічаць і чым у жыцці займацца.

Сёння ў акадэміі мастацтваў настолькі нятворчая атмасфера і слабая метадалагічная база, што звальненне яшчэ аднаго прафесіянала нічога не зменіць у вядучым творчым ВНУ краіны. Прафесар Каляда адзін з нешматлікіх педагогаў, якія аб справе думаюць больш, чым аб уласных выгодах. Ён выдаваў метадычныя дапаможнікі за ўласны кошт і бясплатна перадаваў іх у бібліятэку акадэміі мастацтваў. Але менавіта такія людзі – прафесійныя і адказныя – сёння не патрэбныя сістэме ВНУ, якая наскрозь ідэалагічная і будуецца ў аснове сваёй на лаяльнасці да ўлады і рабстве, замацаваным гвалтоўным размеркаваннем.

-- Пяройдзем да вашай сустрэчы з экс-прэзідэнтам Чэхіі Вацлавам Гавалам. Якія былі асноўныя тэмы вашай гутаркі?

-- Мы размаўлялі аб цяперашняй палітычнай сітуацыі, якая склалася вакол Беларусі, і аб тым, якія пагрозы сёння ўзнікаюць у сувязі са зменай вектару Еўрапейскага звяза адносна беларускіх уладаў. Нам не прыйшлося доўга ўводзіць у курс апошніх беларускіх падзеяў прэзідэнта Гавала, паколькі ён выдатна інфармаваны аб тым, што адбываецца ў нашай краіне, і прымае актыўны ўдзел у прыняцці рашэнняў Еўразвяза.

Мы абмяркоўвалі ўдзел беларускай дэлегацыі ў саміце Еўразвяза па ўсходнім партнёрстве, і пагадзіліся з тым, што паўнавартасная беларуская дэлегацыя можа прадстаўляць краіну толькі ў тым выпадку, калі беларускія ўлады пачнуць пакрокава выконваць 12 патрабаванняў Еўразвяза. У адваротным выпадку, няма ніякай логікі ў тым, што рэпрэсіі супраць дэмакратычных сілаў Беларусі будуць разгортвацца за кошт субсідыяў Еўразвяза. Еўропа прадэманстравала сваю рашучасць пайсці на кантакт з Беларуссю ў выпадку правядзення рэальных ліберальных рэформаў – зараз адказ за беларускім бокам. Але кіраўніцтва краіны павінна ведаць: гэтыя дзверы будуць адчыненыя нядоўга і прыймаць рашэнні трэба хутка.

-- Вы адчуваеце на сабе гэтую самую «лібералізацыю», аб якой сёння кажуць дзяржаўныя выданні?

-- На сабе мы адчуваем, што рэпрэсіі перайшлі ў іншую стадыю: ад збіцця і арыштаў да звальненняў, адлічэнням з ВНУ, ціску на сваякоў... Мы як не маглі легальна працаваць, так і не можам; як звальнялі нашых супрацоўнікаў з дзяржустановаў, так і звальняюць; як прыходзіла міліцыя ў тыя прыватныя дамы і кватэры, дзе мы граем спектаклі, так і прыходзіць. І гэтую тэму мы таксама абмяркоўвалі з прэзідэнтам Гавалам.

Адна з тэмаў нашай гутаркі датычылася ратыфікацыі Чэхіяй Канвенцыі ААН супраць гвалтоўных знікненняў. Чэхія адна з нешматлікіх еўрапейскіх краінаў, якая дагэтуль не ратыфікавала гэтую канвенцыю. Прэзідэнт Гавал абяцаў паспрыяць правядзенню гэтага дакумента праз палітычныя структуры Чэхіі.

-- Цяжка паверыць, што беларускі тэатр лабіруе прыняцце Канвенцыі ААН у свеце.

-- Калі мы выпускалі спектакль «Спасцігаючы каханне», заснаваны на дакументальным матэрыяле з жыцця Ірыны Красоўскай, мы пачалі праект «Дзеячы мастацтва супраць гвалтоўных знікненняў», у які сёння ўваходзіць усё больш творцаў з розных краінаў свету. У верасні гэтага года Міжнародная Кааліцыя супраць гвалтоўных знікненняў разам з беларускай грамадзянскай ініцыятывай «Мы памятаем» прэзэнтавалі еўрапейскай грамадскасці спектакль «Спасцігаючы каханне» як старт глабальнай артыстычнай кампаніі. Адзінае, што ў нас ёсць – гэта нашыя спектаклі, якія мы гатовыя граць заўсёды, калі гэта дапаможа знаходжанню праўды ў справе палітычных знікненняў. Зараз мы працуем разам, і калі ў нас ёсць магчымасць пралабіраваць у нейкі з краінаў прыняцце Канвенцыі, мы выкарыстоўваем гэтую магчымасць.

-- Падчас сустрэчы вы знялі відэаінтэрв'ю са спадаром Гавалам. Для якога праекту яно было знятае?

-- Мы пачалі працу над дакументальным праектам, у якім паспрабуем зазірнуць у будучыню Еўропы – кантынента без дыктатураў. Мы ніколі не займаліся прэпараваннем прыроды цяперашняй улады, паколькі гэтая тэма нам не вельмі цікавая – нас больш цікавіць, што будзе адбывацца пасля таго, як апошняй дыктатуры ў Еўропе не стане. У падобнай сітуацыі Еўропа не была ні разу за ўсю сваю гісторыю. Па-сутнасці, гэта гістарычная мяжа кантынента, і пераход у гэтую новую якасць, як высветлілася, ляжыць праз Беларусь.

-- З кім яшчэ вы будзеце рабіць інтэрв'ю для гэтага праекту?

-- У Празе ў нас адбылася яшчэ адна ўражлівая сустрэча – з Враціславам Брабенецам – сапраўднай легендай чэшскага андэрграўнда. Враціслаў – лідэр чэшскага гурта Plastic People of the Universe, удзельнікі якой сядзелі ў турмах, а будынкі, дзе яны выступалі, спальвалі і падрывалі. Група Plastic People of the Universe і сёння паспяхова канцэртуе, нядаўна вярнуўшыся з вялікага тура па ЗША, удзельнічае ў спектаклі Rock’n’roll па п'есе Тома Стопарда, які ідзе ў тэатры горада Брно. Враціслаў таксама даў нам інтэрв'ю для фільма.

Яшчэ далі згоду ўдзельнічаць у праекце Том Стопард, нобелеўскі лаўрэат Гаральд Пінтэр; зараз вядзем перамовы з Мікам Джагерам, шэрагам мастакоў, літаратараў, філосафаў і музыкаў сусветнага ўзроўня...

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках