МАК: Беларускія алімпійцы дыскваліфікаваныя, Дзевятоўскі -- пажыццёва
9- 11.12.2008, 15:52
Прызёры Алімпіяды ў Пекіне беларускія кідальнікі молата Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі дыскваліфікаваныя за ўжыванне забароненых прэпаратаў.
Гэтая інфармацыя размешчаная на афіцыйным сайце Міжнароднага Алімпійскага камітэта (МАК).
"МАК заяўляе, што В.Дзевятоўскі парушыў антыдопінгавыя правілы. 17 жніўня 2008 года проба паказала наяўнасць у яго крыві экзагеннага тэстастэрону", гаворыцца ў паведамленні МАК.
"В.Дзевятоўскі дыскваліфікуецца са спаборніцтваў па кіданні молата, дзе ён заняў 2 месца, пазбаўляецца медаля і дыплома, ніколі больш не зможа прымаць удзел у Алімпійскіх гульнях", сказана ў заяве.
"Міжнародная асацыяцыя Федэрацый лёгкай атлетыкі павінна змяніць вынікі згаданага спаборніцтва і прыняць іншыя меры ў межах сваёй кампетэнцыі. НАК Беларусі павінен неадкладна вярнуць медаль і дыплом спартоўца МАКу. Рашэнне ўступае ў сілу неадкладна", гаворыцца ў заяве МАК.
Там таксама адзначана, што "рашэнне аб пазбаўленні спартоўца права ў далейшым удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях з'яўляецца справядлівым, таму што ён паўторна парушыў антыдопінгавыя правілы МАК".
Як раней паведамляла агенцтва, В.Дзевятоўскі у 2000 годзе быў дыскваліфікаваны за ўжыванне забароненых прэпаратаў.
У дачыненні да І.Ціхана МАК заявіў, што "спартовец дыскваліфікуецца са спаборніцтваў па кіданні молата, дзе ён заняў 3 месца, пазбаўляецца медаля і дыплома.
Міжнародная асацыяцыя Федэрацый лёгкай атлетыкі павінна змяніць вынікі згаданага спаборніцтва і прыняць іншыя меры ў межах сваёй кампетэнцыі. НАК Беларусі павінен неадкладна вярнуць медаль і дыплом спартоўца МАКу".
У сваю чаргу ў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі агенцтву "Интерфакс-Запад" пацвердзілі гэтую інфармацыю. "У цяперашні час у федэрацыі ідзе нарада па гэтым пытанні, на якой прысутнічаюць кіраўнікі федэрацыі і спартоўцы", паведамілі ў федэрацыі.