АПЕК зніжае здабычу нафты на 2 мільёны барэляў у суткі
3- 17.12.2008, 13:49
Арганізацыя краінаў-экспарцёраў нафты (АПЕК) прыняла рашэнне знізіць квоты на здабычу нафты на 2 мільёны барэляў у суткі.
Аб гэтым было заяўлена на пазачарговым паседжанні ў сераду ў Алжыры, паведамляе агенцтва Франс Прэс са спасылкай на міністра нафты Саўдаўскай Аравіі Алі аль-Нуамі.
Такім чынам, квоты на здабычу нафты краінамі АПЕК складуць 25,3 мільёнаў барэляў у суткі.
Старшыня нафтавага картэля Шакіб Хеліль перад пачаткам сустрэчы заявіў, што ідэю скараціць здабычу падтрымліваюць усе чальцы арганізацыі, бо гэта неабходна, каб спыніць падзенне коштаў на нафту.
З ліпеня 2008 года кошт нафты з рэкордных 147 даляраў за барэль упаў ніжэй за 50 даляраў.
Апошні раз картэль скарачаў аб'ёмы здабычы нафты на пазачарговай 150-ай канферэнцыі ў Вене 24 кастрычніка. Тады ўзровень здабычы быў зніжаны на 1,5 мільёны барэляў - да 27,3 мільёна барэляў у суткі.
У склад АПЕК уваходзяць: Алжыр, Ангола, Эквадор, Інданэзія, Іран, Ірак, Кувейт, Лівія, Нігерыя, Катар, Саудаўская Аравія, ААЭ і Венесуэла.