У Азербайджане могуць адмяніць абмежаванні на тэрмін прэзідэнцтва
4- 17.12.2008, 15:14
18 снежня будзе абмеркаванае пытанне аб правядзенні рэферэндуму па ўнясенні паправак у Канстытуцыю Азербайджана, якія здымуць абмежаванні па тэрмінах выбару прэзідэнта.
Абмеркаванне правядуць сумесныя пастаянныя камісіі Мілі Меджліса (парламента) Азербайджана, паведамляе агенцтва РІА «Новости».
Зараз канстытуцыя Азербайджана не дазваляе абіраць аднаго чалавека прэзідэнтам больш за два разы запар.
Прапанову аб ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю, якая паступіла ад кіруючай партыі «Ені Азербайджан», абмяркуюць пастаянныя камісіі па прававой палітыцы і дзяржбудаўніцтве і па правах чалавека.
«Ені Азербайджан» у аўторак выступіла з ініцыятывай правесці рэферэндум аб унясенні паправак у Канстытуцыю Азербайджана аб зняцці абмежаванняў па тэрмінах выбару прэзідэнта.
Дзейсны кіраўнік Азербайджана Ільхам Аліеў 15 кастрычніка 2008 года ў другі раз запар стаў прэзідэнтам краіны.