Студэнтак БДУ пакараюць за пікет супраць камунізму
11- 2.12.2008, 9:16
Рада прафіляктыкі БДУ пастанавіла пакараць строгай вымовай студэнтак юрыдычнага факультэту Тацяну Шапуцьку і Насту Лойку за ўдзел у пікеце «Камунізм пад трыбунал!», які адбыўся 7 лістапада насупраць КДБ.
Тацяна Шапуцька распавяла “Радыё Свабода”, што намесьнік дэкана па выхаваўчай працы Андрэй Шыдлоўскі, які ўзначальвае Раду прафіляктыкі, паведаміў ёй пра сваё рашэньне.
“Рада прафіляктыкі прыняла агульнае рашэньне для мяне і Насты Лойкі — строгая вымова. Аднак, як мы з Настай зазначалі ў сваіх тлумачальных, дзейнасьць сваю мы спыняць не зьбіраемся і будзем надалей (можа, больш асьцярожна) удзельнічаць у грамадзкім жыцьці Беларусі”, - кажа актывістка.
Нагадаем, 7 лістапада Тацяна Шапуцька, студэнтка першага курсу дзённага аддзяленьня, і Наста Лойка, студэнтка трэцяга курсу завочнага аддзяленьня юрфаку, былі затрыманыя, а потым пакараныя арыштам на трое сутак за ўдзел у пікеце “Камунізм пад трыбунал!”
Супрацоўнікі КДБ, нягледзячы на выходны дзень, наведалі рэктарат БДУ з прэтэнзіямі наконт кепскай выхаваўчай працы сярод студэнтаў. Тацяна Шапуцька казала намесьніку дэкана, што яна студэнтка ВНУ і лічыць умяшаньне супрацоўнікаў КДБ залішнім.
“Намесьнік дэкана падчас размовы на Радзе прафіляктыкі паведаміў, што ў КДБ працуе вялікая колькасьць выпускнікоў юрфаку і, што самае цікавае, яны гэтым ганарацца”, - падкрэсьцліла Тацяна Шапуцька.
Рашэньне Рады прафіляктыкі мае рэкамэндацыйны характар. Рэктар БДУ цягам двух тыдняў павінен вызначыцца — абмежавацца строгай вымовай ці аддаць загад на адлічэньне студэнтак.
Актывісткі “Маладога Фронту” заявілі, што і далей будуць удзельнічаць у акцыях супраць распаўсюджваньня камуністычнай ідэалёгіі.