Улады гатовыя прадаць Менскі падшыпнікавы завод
8- 4.12.2008, 10:08
Менскі падшыпнікавы завод, які належыць у цяперашні час дзяржаве, можа быць прададзены замежнаму інвестару.
Прапанову патэнцыйным інвестарам рыхтуе ў цяперашні час міністэрства прамысловасці. Праўда, гарантаваць, што пасля падрыхтоўкі камерцыйнай прапановы сталічны падшыпнікавы завод будзе прададзены інвестарам, наўрад ці хтосьці возьмецца – папярэднія спробы прыцягнуць замежнікаў не ўвянчаліся поспехам, паведамляе “БДГ”.
Спробы прыцягнуць замежных інвестараў у «Менскі падшыпнікавы завод» прадпрымаліся яшчэ ў 1990-я. Гаворка ішла аб стварэнні на базе сталічнага прадпрыемства сумеснай вытворчасці са швецкай кампаніяй SWF – буйнага гульца на сусветным рынку падшыпнікаў. Аднак дамоўленасць са шведамі так і не адбылася.
У 2001 годзе «Менскі падшыпнікавы завод» быў акцыянаваны. Па логіцы, акцыянаванне павіннае было прывесці на прадпрыемства інвестараў – «Менскі падшыпнікавы завод» па аб'ёме вытворчасці ўваходзіў у тройку вядучых падшыпнікавых прадпрыемстваў СНД і цікавасць да беларускага заводу з боку замежных інвестараў была велізарная.
Аднак, замест прытоку замежных інвестыцый «Менскі падшыпнікавы завод» атрымаў гучны судовы працэс. У адносінах кіраўніцтва заводу была ўзбуджаная крымінальная справа, гендырэктар «Менскага падшыпнікавага заводу» Валер Пенза быў абвінавачаны ў тым, што наўмысна вёў прадпрыемства да жаласнага фінансавага стану, каб у наступным танна прадаць яго зацікаўленым расейскім структурам.
У сваю чаргу, кіраўніцтва «Менскага падшыпнікавага заводу», якое апынулася на лаве падсудных, тлумачыла дрэнны фінансавы стан прадпрыемства той акалічнасцю, што вымушана было прадаваць прадукцыю на ўнутраным рынку па коштах, якія былі ніжэй сабекошту.
Разгляды па справе «Менскага падшыпнікавага заводу» доўжыліся з канца 2004-га па сакавік 2006 года. У выніку суд стаў на бок абвінавачвання і ўвесну 2006 года дырэктар «Менскага падшыпнікавага заводу» Валер Пенза быў прысуджаны да шасці год пазбаўлення волі.
За час разгляду крымінальнай справы ўдзел дзяржавы ў статутным фондзе «Менскага падшыпнікавага заводу» вырас амаль да 100%. Па ўказе прэзідэнта, прынятага ў сакавіку 2006 года, запазычанасць прадпрыемства па плацяжах у рэспубліканскі бюджэт была рэструктурызаваная за кошт павелічэння ўдзелу дзяржавы ў статутным фондзе прадпрыемства.
Аднак «Менскі падшыпнікавы завод» не апынуўся выгодным для дзяржавы актывам. Улетку гэтага года сталічны завод быў занесены ў спіс прадпрыемстваў, акцыі якіх падлягаюць продажу ў 2008-2010 гадах. Па дадзеных «Прайм-тасс», дзяржава нават можа пайсці на продаж інвестарам кантрольнага пакета акцый прадпрыемства.
У міністэрстве прамысловасці паведамілі, што акцыі прадпрыемства могуць быць прапанаваныя інвестарам ужо ў будучыным годзе. У цяперашні час мінпрам рыхтуе міжнародны конкурс з мэтай прыцягнення стратэгічнага інвестара для «Менскага падшыпнікавага заводу».