26 красавiка 2024, Пятніца, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адам Мальдзіс: «За выкарыстанне прозвішча Радзівілаў трэба браць плату»

5

Сёння шмат прадпрыемстваў і фірмаў выкарыстоўваюць прозвішча Радзівілаў у якасці назвы для крамаў і сваёй прадукцыі, лічыць літаратуразнаўца.

У Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску 8 снежня адкрылася экспазіцыя "Гістарычны партрэт Беларусі XVI—XIX стагоддзяў", аснову якой складаюць творы з Нясвіжскай карціннай галерэі князёў Радзівілаў, перадае БелаПАН.

З 47 выстаўленых партрэтаў 23 упершыню ўключаныя ў сталую экспазіцыю музея. Сярод іх партрэт Лізаветы Сцюарт — дачкі караля Англіі Якава I Сцюарта, напісаны Маркусам Герартам каля 1618 года, партрэт падкаморыя Вялікага княства Літоўскага Януша Радзівіла, створаны мастаком Барталамеем Стробелем каля 1634 года, а таксама партрэты Марыі Казіміры Сабескай і Кацярыны Сабескай — жонкі і сястры польскага караля Яна Сабескага.

Дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў назваў адкрыццё экспазіцыі знамянальнай падзеяй, паколькі выканалася мара некалькіх пакаленняў мастацтвазнаўцаў і рэстаўратараў НММ. Ён выказаў надзею, што сумесна з літоўскімі, польскімі і ўкраінскімі калегамі калі-небудзь атрымаецца выставіць увесь збор галерэі Радзівілаў.

Паводле словаў доктара філалагічных навукаў Адама Мальдзіса, музей узяў на сябе нялёгкую ношу Нясвіжа. Гэтая выстава павінна была адбыцца там, дзе стваралася карцінная галерэя Радзівілаў, якія ў XVI—ХVIII стагоддзях "з'яўляліся некаранаванымі каралямі Беларусі". "Аднак пажар у Нясвіжскім замку і разбурэнне адной з яго галерэяў ператварылі Нясвіж у хутар", — сказаў навукоўца. Ён заявіў, што ў Нясвіжы павінна працаваць не правінцыйная, а "еўрапейская каманда", якая ведае мовы, гісторыю культуры і найноўшыя тэхналогіі ў галіне аховы і рэстаўрацыі помнікаў.

"Сёння па ўсёй Беларусі шмат прадпрыемстваў, фірмаў выкарыстоўваюць прозвішча Радзівілаў у якасці назвы для крамаў, сваёй прадукцыі. Думаю, што за выкарыстанне гэтага "брэнда" трэба браць плату", — сказаў А.Мальдзіс.

У адкрыцці экспазіцыі ўдзельнічалі Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль "Харошкі" і рыцарскі клуб "Менская харугва".

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках