Менскiя кватэры працягваюць таннець
5- 11.02.2008, 12:14
Усё мiнулае лета ўласнiкi сталiчнага жылля чакалi псiхалагiчнага буму на падаражанне кватэр восенню, а потым i зiмой. Гэтага не адбылося, але гаспадары "лiшнiх" кватэр працягвалi трымаць высокiя цэны на свой дарагi тавар ажно на працягу 8—9 месяцаў.
Першая ластаўка патаннення кватэр на другасным рынку сталiцы рэальна "аб’явiлася" ў снежнi, калi загадзя стаў вядомы прымальны кошт для нашай краiны расiйскай нафты i газу. Пасля амаль мёртвага святочнага сезона ў студзенi, у пачатку лютага чакалася актывiзацыя ўдзельнiкаў рынку жыллёвай нерухомасцi. Першая дэкада лютага прадэманстравала працяг трывалай тэндэнцыi сталiчных кватэр на патанненне.
Самай дарагой катэгорыяй менскага жылля застаюцца сёння аднапакаёвыя кватэры. Летась, у другой палове лiстапада, квадратны метр агульнай плошчы аднапакаёвак прапанаваўся пакупнiкам за 2100 долараў. Сёння "квадрат" такога жылля iстотна патаннеў, i сярэднi яго кошт складае 2044 долары, а сярэдняя цана прапановы аднапакаёвай кватэры вагаецца каля 71 тысячы долараў.
Разам з тым старшыня савета Беларускай асацыяцыi "Нерухомасць" Мiкалай Прасталупаў падкрэслiў, што ў лютым сапраўды пачалi таннець не зусiм якасныя кватэры менавiта ў старых дамах з "нулявой" планiроўкай i праблематычнай сантэхнiкай. Так, цяпер нават у спецыялiзаваных каталогах прапанова такiх нелiквiдных кватэр працягвае знiжацца даволi хуткiмi тэмпамi.
Сёння кватэры ў пяцiпавярховых дамах з агульнай плошчай 30—34 квадратныя метры i кухнямi плошчай ад 5 да 7,2 квадратнага метра на першых цi апошнiх паверхах каштуюць ужо не больш як 50—55 тысяч долараў. Пры рэальных здзелках гаспадары такiх "хрушчовак" усё актыўней пачынаюць згаджацца з сур’ёзнымi скiдкамi, якiя дасягаюць нават 3—6 тысяч долараў. У вынiку кошт квадратнага метра нелiквiдных аднапакаёвак часам знiжаецца да 1700 долараў.
Аднак эксперты рынку нерухомасцi лiчаць, што i такi кошт для зусiм слабенькiх кватэр застаецца завышаным. Калi попыт на такое жыллё яшчэ пэўны час будзе заставацца на мiнiмальным узроўнi, то патанненне "хрушчовак" будзе працягвацца i надалей.
Мiж iншым, уладальнiкi невялiкiх аднапакаёвак нават у дзевяцiпавярховых дамах прамысловых раёнаў сталiцы таксама знiзiлi планку. Зараз такое жыллё прапануецца па кошце ў межах 1900 долараў за квадратны метр агульнай плошчы.
Разам з тым самая вялiкая колькасць прапаноў прыпадае на стандартныя панельныя аднапакаёўкi, кошт якiх вагаецца ў межах 65—75 тысяч долараў.
Дарэчы, першая сур’ёзная хваля сёлетняга патаннення жыллёвай нерухомасцi закранула ў лютым двухпакаёвыя кватэры. Калi летась у лiстападзе сярэднi кошт квадратнага метра агульнай плошчы складаў 2030 долараў, то сёння ён знiзiўся да 1984 USD. Сярэднi кошт двухпакаёвай кватэры стаў зараз 96,5 тысячы долараў.
Трэба адзначыць, што зусiм маленькiя двухпакаёвыя "хрушчоўкi" з агульнай плошчай да 45 квадратных метраў магчыма сёння набыць за 65—70 тысяч долараў. Стандартныя ў свой час двухпакаёвыя кватэры агульнай плошчай да 50 квадратных метраў каштуюць сёння ўжо не больш за 75—85 тысяч долараў.
Сапраўды задумвацца аб сур’ёзным знiжэннi цэнаў на сваё жыллё гаспадары сталiчных кватэр пачалi менавiта ў лютым, калi пачалося аднаўленне долевага будаўнiцтва ў нашай краiне. Адпаведны ўказ быў падпiсаны ў апошнi дзень студзеня.
Начальнiк упраўлення жыллёвага будаўнiцтва Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва Аляксандр Горваль растлумачыў карэспандэнту "Звязды", што ўжо зараз шэраг сталiчных будтрэстаў i iнвестыцыйных кампанiй маюць пакеты падрыхтаваных дакументаў i нават будаўнiчыя пляцоўкi для ажыццяўлення долевага будаўнiцтва.
Вядома, што, згодна з агучаным указам, кошт квадратнага метра жылля пры долевым будаўнiцтве будзе вызначацца для нечаргавiкоў выключна рынкавымi метадамi на дагаворнай падставе. Асобныя камерцыйныя арганiзацыi ад долевага будаўнiцтва нават зараз пачалi агучваць мяркуемы кошт падобнага жылля.
Забудоўшчыкi разлiчваюць прапанаваць кватэры ў панэльных дамах па кошце каля 1850 долараў за квадратны метр агульнай плошчы. Такi кошт кватэр у новых дамах павiнен рэальна зацiкавiць патэнцыяльных пакупнiкоў жыллёвай нерухомасцi на другасным рынку сталiцы.
Мiж iншым, Аляксандр Горваль упэўнены, што максімум праз 5—8 месяцаў у сферы долевага будаўнiцтва павiнна разгарнуцца здаровая канкурэнцыя, што абавязкова прывядзе да патаннення канчатковага кошту кватэр, якiя прапаноўваюцца клiентам. Асобныя эксперты падлiчылi, што пры дасягненнi кошту кватэр па лiнii долевага будаўнiцтва да 1500—1600 долараў за квадратны метр, цэны на другасным рынку жылля пачнуць таннець ужо нават ажыятажнымi тэмпамi.
Наш эксперт па жыллёвай нерухомасцi Мiкалай Прасталупаў лiчыць, што каб нейкiм чынам вырашыць жыллёвую праблему ў галоўным мегаполiсе краiны i iстотна паменшыць чэргi тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, трэба павялiчыць аб’ёмы будаўнiцтва жылля ў 2—3 разы.
Менавiта аб падобных планах вялася гутарка на 8-ай сесii Менгарсавета, дзе была зацверджана Праграма развiцця будаўнiчага комплексу Менска па павелiчэннi жыллёвага будаўнiцтва на 2008—2012 гады. Старшыня дэпутацкай камiсii па будаўнiцтве Менгарсавета Вiктар Шанюкевiч адзначыў, што трэба не толькi павялiчваць тэмпы будаўнiцтва жылля, але i забяспечваць пры гэтым яго сучасныя спажывецкiя якасцi i прымальныя цэны.
Пры запланаваных тэмпах жыллёвага будаўнiцтва на 2010 год пастаўлена задача ўвесцi ў эксплуатацыю 1 млн 450 тысяч квадратных метраў жылля, а ў 2012 годзе давесцi аб’ёмы будаўнiцтва жылля да 2 млн квадратных метраў у год.
Для выканання такой грандыёзнай праграмы ў сталiцы плануецца пабудаваць за 5 гадоў два новыя заводы iндустрыяльнага домабудавання i буйнапанэльнага домабудавання. Магчыма, што гэтыя аб’екты будуць узводзiцца ў Калядзiчах.
Эксперты рынку нерухомасцi ўпэўненыя, што нават агучванне такiх планаў павiнна паспрыяць агульнай тэндэнцыi на патанненне сталiчных кватэр. Аднак спецыялiсты адзначаюць, што сапраўды якаснае жыллё ў спальных раёнах Менска i ў цэнтры мегаполiса за апошнi час увогуле не патаннела. Таксама тэндэнцыя атрымлiваецца.