9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стыхійныя пратэсты рабочых супраць масавых звальненьняў

На Баранавіцкім мясакамбінаце прайшоў стыхійны мітынг супраць закрыцьця цэхаў і масавага звальненьня людзей.

Днямі там страцілі працу каля 40 працоўных кансэрвавага цэху. Такі ж лёс пагражае яшчэ сотні работнікаў камбінату.

Колькасьць працоўных дзён на мясакамбінаце складае ад 7 да 10 на месяц. Стыхійны мітынг людзі правялі, калі даведаліся пра поўнае закрыцьцё кансэрвавага цэху. Зараз яны асьцерагаюцца аналягічнага лёсу для сябе.

“Я кажу ад імя калектыву цэху, што нас хвалюе праблема страты працы. Нам увесь час абяцаюць, што будзе ўсё добра, што будзе рэканструкцыя, што мы рухаемся, а насамрэч мы стаім на месцы. Мы жывем у абяцанках, а працы ў нас няма. Мэр горада Дз’ячкоўскі, які ў нас быў, мы ад яго нічога не пачулі”, - паведаміла “Радыё Свабода” адна з работніц камбіната Вольга Геніюш.

Прадпрыемства было далучанае да Бярозаўскага мясакамбінату, нібыта з мэтай рэканструкцыі і мадэрнізацыі. Аднак гэта перайшло ў згортваньне вытворчасьці і звальненьне працоўных, бальшыня зь якіх – жанчыны.

“Я адна выхоўваю дзіця. Заробак за студзень 184 тысячы, як пражыць? Працаваць на камбінаце пачала з 18 гадоў, зараз мне – 37 і вось куды ісьці? Няма куды ісьці. І нас шмат такіх. Хто працуе ў забойным цэху – ва ўсіх такое становішча”, -- кажа яшчэ адна работніца прадпрыемства Ала Зайко.

Пісьмовыя звароты калектыў камбінату накіроўваў у канцэрн, у адміністрацыю Берасьцейскай вобласьці, прэзыдэнцкую адміністрацыю, аднак адказу ніадкуль не атрымалі. Дырэктар Бярозаўскага мясакамбінату Уладзімер Жуковіч падзеі на падпарадкаваным прадпрыемстве пракамэнтаваць таксама адмовіўся.

Праблемы Баранавіцкага мясакамбінату – характэрныя для прадпрыемстваў харчовай прамысловасьці краіны, і яны маюць некалькі прычынаў, кажа эканаміст Міхась Залескі:

“Прычына першая, гэта правапрымяненьне, а другая – правы чалавека. За студзень-верасень узрасла і крэдыторская запазычанасьць і дэбіторская. І калі няма нармалёвай працэдуры банкруцтва, то яны пачынаюць аб’ядноўваць прадпрыемствы. Гэта ліквідацыя ў выглядзе далучэньня. Эўрапейскае заканадаўства ў такіх выпадках пры звальненьні прадугледжвае выплату заробкаў да сямі гадоў. У нас у сувязі зь ліквідацыяй прадпрыемстваў чалавек абсалютна бяспраўны”, -- лічыць эканаміст.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках