БРСМ следам за «Маладым Фронтам» прызнаецца ў любові да Беларусі
6- 12.02.2008, 12:44
Напярэдадні Дня Святога Валянціна праўладны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пачаў штогадовую акцыю прызнання ў любові пад назовам «За любімую Беларусь».
Праз ідэалагічны аддзел сябры БРСМ могуць павіншаваць з Днём усіх закаханых улюбёнага музыку, спартсмена, палітыка. Па словах кіраўніцтва БРСМ, ніякай “разнарадкі” віншаванняў няма.
«Прадухіляючы некаторыя пытанні, магу сказаць, што ўжо паступаюць віншаванні на чыйсьці адрас, гэта значыць, у назыўным парадку – камусьці раней, камусьці пазней, але якіх-небудзь афіцыйных дакументаў, разнарадкі на гэты конт, такога ў нас няма і быць не можа», – запэўніў начальнік аддзела ідэалагічнай працы ЦК БРСМ Іван Сінічкін.
«Другімі словамі, моладзь піша на адрасы куміраў, каму яны б хацелі накіраваць свае пажаданні, а мы проста выступаем звяном ланцуга, перадаючы пасланні падчас гэтай акцыі», – распавёў Іван Сінічкін.
Разам з тым, як паведамляе «Радыё Свабода», шэраговыя сябры БРСМ кажуць, што кіраўнікам пяршовак "зверху" даслалі спіс людзей, якіх неабходна павіншаваць у абавязковым парадку. Сярод рэкамендаваных артысты Алеся, Аляхно Руслан, Афанасьева Іна, Грыбалёва Ларыса, Дарафеева Ірына, Калдуны Зміцер і Георгій, Смолава Паліна, Дубцоў Аляксей, Ярмоленка Анатоль і іншыя.
Сярод службоўцаў і палітыкаў у спісе прысутнічаюць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік "Беларусбанка" Надзея Ермакова, намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч.
Аляксандр Лукашэнка ў спісе не прысутнічае.
Нагадаем, што 14 лютага пад лозунгам «Я люблю Беларусь!» традыцыйна праводзіць акцыі апазіцыйная моладзевая арганізацыя «Малады Фронт». Усё жадаючыя адсвяткаваць Дзень Святога Валянціна з «Маладым Франтам», пройдуць па галоўных вуліцах горада, перададуць віншаванні ў еўрапейскія і амерыканскае амбасады, сустрэнуць Дзень Кахання пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.
Свята Кахання пачынаецца а 17 гадзіне на плошчы Свабоды.