9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мілінкевіч сустракаецца з людзьмі на вуліцах Менску

13

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч ладзіў 12 лютага сустрэчу з грамадзянамі каля будынку Першамайскага райвыканкаму Менску.

Аляксандр Мілінкевіч прыйшоў на сустрэчу з выбаршчыкамі а 6-й вечара, у той час, які быў пазначаны ва ўлётках, якія былі раскіданыя ў паштовыя скрыні жыхароў мікрараёну. На сход гарадзкія ўлады не далі дазволу.

Акрамя журналістаў і паплечнікаў Аляксандра Мілінкевіча на сустрэчы прысутнічалі жыхары гораду. Аляксандр Мілінкевіч зьвярнуўся да прысутных:

“Не прыйшло шмат людзей, бо сустрэча была забароненая. Улада баіцца, баіцца проста людзкай размовы, баіцца праўды. На чым трымаецца яна, мы добра ведаем. Яна хлусіць, не дае свабоднай інфармацыі і палохае людзей. Але нас не застрашыш. Мы гэтыя паездкі, якія заплянавалі на два з паловай месяцы, будзем рабіць. Кожную пятніцу і суботу будзем выяжджаць і будзем езьдзіць-езьдзіць па ўсёй краіне і сустракацца з людзьмі. Людзі хочуць размовы, хочуць іншага, хочуць падыскутаваць. Для нас гэта вельмі важна”.

Адна жанчына падарыла Аляксандру Мілінкевічу кветкі. Яна паразмаўляла з лідэрам руху. Жанчына прадставілася як Людміла Сааром і, абмяркоўваючы апошнія падзеі ў краіне, выказала сумнеў, што беларускія ўлады могуць вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку Аляксандра Казуліна.

“Ведаеце, калі мы будзем спаць у шапку, калі мы нічога рабіць ня будзем, то, канешне, ня пойдзе. Таму што ім вельмі балюча прызнацца, што яны саграшылі, што ні за што людзей пасадзілі. Вось тут ёсьць людзі, якія сядзелі ні за што, але іх удалося выцягнуць. Думаю, што гэта й наша салідарнасьць, і тых людзей, якія жывуць у дэмакратычных краінах. Таму будзем біцца за праўды і абаронім дакладна”, -- адказаў палітык.

Падчас сустрэчы міліцыянты ў форме і ў цывільным сачылі за тым, што адбываецца, але не ўмешваліся. Калі Аляксандр Мілінкевіч са сваёй жонкай сышлі, то некалькі супрацоўнікаў міліцыі пайшлі за імі, але гэтым разам абышлося без затрыманьняў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках