Дзяржсакратарка ЗША супраць цэнзуры Інтэрнэту
2- 13.02.2008, 13:50
Дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс выказалася супраць спроб шэрагу дзяржаў свету паставіць Інтэрнэт пад урадавы кантроль.
«Мы лічым, што няправільна і, верагодна, немагчыма падвергнуць Інтэрнэт цэнзуры», – заявіла Райс у аўторак у Джорджтаўнскім універсітэце ў Вашынгтоне. На думку дзяржсакратаркі ЗША, «інтэрнэт будзе носьбітам і сілай свабоды», і ўрадавы кантроль над ім не будзе эфектыўным і нанясе страты грамадству і эканамічнаму развіццю тых краін, якія ўвядуць такі кантроль, паведамляе РІА «Новости».
«Я не думаю, што ўрады будуць насамрэч эфектыўныя ва ўціхамірванні гэтай сілы», – сказала Райс, нагадаўшы, што пры любых спробах увесці кантроль у Інтэрнэце «заўсёды будуць хакеры, якія змогуць гэта абысці».
Дзяржсакратарка раскрытыкавала такі «аўтарытарны капіталізм».
«У шэрагу месцаў зачараваныя тым, што я называю аўтарытарным капіталізмам, калі кажуць, што давайце пададзім спачатку эканамічныя правы, а пра палітычныя правы будзем клапаціцца ўжо потым», – сказала Райс, падкрэсліўшы, што яна сама «ў гэта не верыць» і лічыць такі падыход «блізарукім».
На думку К.Райс, «уціхамірванне Інтэрнэту такім чынам прывядзе да таго, што такое ўціхамірванне пазбавіць яго поўнасці сілы ў садзейнічанні грамадству і развіццю эканомікі».
«Я не думаю, што гэта будзе эфектыўным. Я лічу, што краіны, якія прызнаюць, што свабодны паток інфармацыі з'яўляецца адной з найважнейшых крыніц крэатыўнасці, у канчатковым выніку апынуцца ў выйгрышы», – сказала Райс.
Адной з такіх краін, дзе інтэрнэт-СМІ падвяргаюцца ціску з'яўляецца Беларусь. Міністэрства інфармацыі Беларусі яшчэ некалькі гадоў таму пачало гутаркі пра неабходнасць ліцэнзавання інфармацыйных рэсурсаў з мэтай распаўсюджвання на Інтэрнэт дзейнага заканадаўства аб СМІ. Пасля доўгіх гутарак на свет з'явіўся законапраект, які прызначаны для барацьбы з іншадумствам у Інтэрнэце. Закон дагэтуль не прыняты па адной толькі прычыне – беларускія службоўцы так і не прыдумалі спосаб кантролю над такой глабальнай з'явай як Інтэрнэт, адзначае АФН.
Аднак такія довады не спыняюць спробы беларускага кіраўніцтва націснуць на інтэрнэт-сайты. Так, у жніўні 2007 года А.Лукашэнка патрабаваў «спыніць анархію» у Інтэрнэце. А ўчора беларускі кіраўнік і зусім выказаўся на карысць татальнага кантролю з боку дзяржавы над СМІ, растлумачыўшы свае «добрыя намеры» дзяржаўнымі інтарэсамі. Па словах Лукашэнкі, СМІ могуць «у імгненне зруйнаваць дзяржаву».