Настаўнікаў запісваюць у «Белую Русь» цэлымі школамі
17- 14.02.2008, 17:32
У мінулую пятніцу дырэктар сярэдняй школы пасёлка Вежа Уладзімір Савіцкі (Слуцкі раён), вярнуўшыся з чарговай нарады, абвясціў настаўнікам пра ўказанне аб неадкладным уступленні ў «Белую Русь», якое паступіла зверху, і даў выходныя для роздумаў…
У панядзелак настаўнікі атрымалі ўжо запоўненыя заявы, якія неабходна было толькі падпісаць. Прычым дырэктар прапанаваў педагогам зрабіць выбар на альтэрнатыўнай аснове: «Або вы падпісваеце заяву аб уступленні ў «Белую Русь» або я – пра ваша звальненне».
Як паведамляе сайт www.ucpb.org, уступіць у «Белую Русь» адмовіўся толькі настаўнік гісторыі – маладая дзяўчына, якая прыехала ў пасёлак Вежа па размеркаванні і яшчэ не адпрацавала неабходны тэрмін, мабыць, у надзеі на абяцанае звальненне.
У школе мяркуюць, што напярэдадні выбараў у «палатку» Уладзіміра Савіцкага абавязалі «прысягнуцца на вернасць», намякнуўшы на перспектыву дэпутацкага мандата, калі колькасць «Белай Русі» ў яго школе зраўняецца з колькасцю калектыву.
Дарэчы, у тым жа Слуцкім раёне дырэктар Гуцукоўскай сярэдняй школы таксама падрыхтаваў для педагогаў запоўненыя заявы аб сяброўстве ў «Белай Русі». А у пасёлку Вежа сябрамі «Белай Русі» ўжо сталі выхавальнікі дзіцячага саду.