19 красавiка 2024, Пятніца, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Усё становіцца магчымым

18
Усё становіцца магчымым

Сёння на свабоду выйшаў палітвязень Аляксандр Здвіжкоў. Журналіст стаў шостым вязнем сумлення, вызваленым цягам апошняга месяца. Дзверы турмаў адкрыліся перад апазіцыянерамі, дзякуючы прынцыповым дзеянням ЗША і Еўразвяза, а таксама кампаніі салідарнасці дэмакратычных сілаў. У снежні 2007 года ЗША ўвялі санкцыі супраць найбуйнейшага беларускага манапаліста «Белнафтахіма», а Еўразвяз больш за год не адыходзіў ад сваёй узгодненай палітыкі, вядомай як 12 прапаноў па дэмакратызацыі.

Аляксандра Здвіжкова вызвалілі на наступны дзень пасля прыняцця Еўрапейскім Парламентам рэзалюцыі з пэўным і выразным пасылам – збліжэнне Беларусі з Еўразвязам магчымае пасля вызвалення палітвязняў, доступу апазіцыі да СМІ і правядзення ў краіне свабодных выбараў.

Палітвязні сталі выходзіць на свабоду ў студзені 2008 года, неўзабаве пасля ўвядзення амерыканцамі санкцый супраць «Белнафтахіма». Нечакана для ўсіх знялі турэмную адзежу Андрэй Клімаў, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Мікола Аўтуховіч, Юры Лявонаў. Рашэння па Здвіжкову чакалі ўжо ўсе: разгляд касацыйнай скаргі Вярхоўным судом – добрая падстава адмяніць прысуд і вызваліць журналіста, пасаджанага за краты за карыкатуры.

Ніхто з вызваленых палітвязняў не прасіў аб памілаванні, ніхто з іх не прызнаў сваёй віны. Але факт застаецца фактам: іх вызвалілі. Больш за тое, Андрэя Клімава вывялі за сцены калоніі і пасадзілі на цягнік у Менск пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка асабіста выдаў указ аб яго памілаванні.

Апошнімі вязнямі сумлення ў Беларусі засталіся Аляксандр Казулін і Андрэй Кім. Вакол вызвалення Казуліна ўлады сплялі цэлую інтрыгу. Як заўсёды, першым пра гэта прагаварыўся Аляксандр Лукашэнка. "Пытанне было ў тым, што яго жонка хворая, і да мяне звярнуліся амбасадары Еўразвяза. Добра, усе мы людзі, усякае бывае. Я пагадзіўся – хай вязе, лечыць жонку. Сёння стаіць пытанне аб лячэнні ў Нямеччыне, трэба суправаджаць жонку", – адзначыў А.Лукашэнка, наведваючы Віцебск.

Як стала вядома ад сям'і Казуліна, насамрэч улады прапанавалі палітвязню з'ехаць з жонкай у Нямеччыну і не вяртацца ў Беларусь цягам «некаторага часу». Казулін адмовіўся. Мабыць, прапанова была зробленая ў такім выглядзе, што прыняць яго было немагчыма.

Вядома, потым службоўцы кінуліся апраўдвацца – Лукашэнка чарговым разам іх «падставіў». Тым з іх, хто цяпер спрабуе весці перамовы з Еўразвязам, давялося і чырванець, і бляднець, спрабуючы растлумачыць еўрапейцам заявы Лукашэнкі. Намесніца кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Пяткевіч ужо наўздагон цягніку спрабавала нешта аспрэчваць, разважаць пра «гуманнасць», але ніхто ўжо не верыў і не слухаў…

Зразумела, што з цяжкасцю даецца вызваленне нявінных людзей, але, тым не менш, калі гэта будзе адбывацца, то будзе даваць надзею грамадству на хуткія перамены. Увесь свет чакае, калі ж пакінуць сцены турмаў Аляксандр Казулін і Андрэй Кім – моладзевы актывіст, арыштаваны падчас адной з акцый прадпрымальнікаў.

Падчас нядаўняй сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Вашынгтоне намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэймер заявіў: «Мы вітаем вызваленне ў Беларусі палітвязняў. Гэта, безумоўна, пазітыўны момант, але, з другога боку, мы бачым, што ў Беларусі арыштоўваюць удзельнікаў акцый і аказваюць грубы ціск на лідэраў апазіцыі. Такія дзеянні павінны спыніцца. Ніводная краіна не павінна рабіць беларускім уладам ніякіх паблажак, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні», – заявіў Крэймер.

На мінулым тыдні Дэвід Крэймер сустрэўся з каардынатарам Хартыі’97 Зміцерам Бандарэнкам і сябрам аргкамітэта грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімірам Кобецам. «Амерыканскі ўрад сканцэнтраваў сваю ўвагу на трох момантах дэмакратызацыі ў Беларусі: гэтае спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, доступ прадстаўнікоў апазіцыі да СМІ і свабода слова, а таксама свабодныя выбары. Па словах намесніка памочніка Дзяржсакратара, вызваленне ўсіх палітвязняў можа стаць толькі першым крокам да нармалізацыі стасункаў паміж нашымі краінамі, але Злучаныя Штаты будуць вітаць такое рашэнне беларускіх улад. Амерыка з нецярпеннем чакае вызвалення астатніх палітвязняў, асабліва Аляксандра Казуліна», – паведаміў Зміцер Бандарэнка пасля сустрэчы.

Вызваленне палітвязняў, сапраўды, першы крок, якія ўлады могуць зрабіць на шляху дэмакратызацыі. Пасля трэба спыніць разганяць дэманстрацыі, арыштоўваць сотнямі людзей толькі за тое, што яны рэалізуюць сваё права на мірны пратэст, адмяніць цэнзуру ў СМІ, дазволіць выхад свабоднай прэсы, пусціць апазіцыю на тэлебачанне, і ўрэшце – правесці свабодныя выбары ў краіне.

Усё пералічанае – галоўныя ўмовы развіцця стасункаў Беларусі з цывілізаваным светам. Пра гэта неаднаразова казалі ЗША, гэта ж учора пацвердзіла рэзалюцыя Еўрапарламента. «Саступак не будзе», – заяўляюць дэпутаты парламента ЕЗ.

Усё гэта, магчыма, і не так цяжка, як падаецца ўладам. 14 гадоў дыктатуры паказалі, што рэпрэсіі не ратуюць рэжым: народ не пакараецца, а ўлада трапляе ва ўсё большую ізаляцыю. І калі сёння не прыняць прапановы Еўразвяза і працягнутую руку апазіцыі, якая прапанавала ўладам дыялог, улічваючы моцную агрэсію з боку Расеі сітуацыя можа стаць непапраўнай.

«У рэзалюцыі Еўрапарламента адзначаюцца тыя крокі, якія былі зробленыя ўладамі Беларусі для таго, каб можна было пачынаць аднаўляць стасункі з Еўропай. Я думаю, што гэта даволі пэўны сігнал з боку аб'яднанай Еўропы, які сведчыць пра гатоўнасць рухацца па гэтым шляху. У рэзалюцыі цалкам справядліва адзначаюцца тыя праблемы, якія цяпер існуюць у стасунках ЕЗ і Беларусі, і якія будуць перашкаджаць далейшаму прагрэсу. Калі казаць пра палітвязняў то, пакуль яшчэ не завяршыўся працэс вызвалення ўсіх вязняў сумлення, у турме знаходзіцца Аляксандр Казулін і Андрэй Кім і толькі пасля таго, як сам тэрмін палітвязні знікне з нашага жыцця, можна будзе рухацца далей», – лічыць міжнародны каардынатар Хартыі’97, сябар аргкамітэта грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

На думку дыпламата, усё становіцца магчымым дзякуючы кампаніі салідарнасці дэмакратычных сілаў, самым яркім момантам якога з'яўляюцца Дні салідарнасці ў 16 дзень кожнага месяца, а таксама ў выніку падтрымкі гэтай кампаніі салідарнасці дэмакратычным светам, беларускай дыяспарай, вядомымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі.

«Вельмі важна адзначыць каардынацыю дзеянняў па вызваленні палітвязняў Еўропай і Злучанымі Штатамі. Без дэманстрацыі сур'ёзнасці падыходу ЗША да пытання правоў чалавека, працэс вызвалення палітвязняў расцягнуўся б на больш працяглы перыяд. На сёння нельга не зазначыць, што беларускія ўлады робяць пэўныя крокі насустрач Еўразвязу. Еўразвяз адзначае гэтыя крокі, але для таго, каб казаць пра істотныя змяненні ў палітыцы беларускіх улад, яны павінны паслаць цалкам пэўны сігнал у тым, што тычыцца свабоды слова і свабоды выбараў. Можна прагназаваць, што менавіта пасоўванне па гэтым шляху дапаможа Беларусі пазбегнуць, у тым ліку эканамічных цяжкасцяў. І насупраць, калі будуць згортвацца працэсы, якія азначыліся, то Беларусь апынецца яшчэ ў больш складанай сітуацыі, чым сёння, бо канчаткова будзе падарваная вера ў магчымасць супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі», – упэўнены Саннікаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках