9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Здвіжкоў: «Спадзяюся на лепшае, не толькі для сябе, але і для краіны»

6

Адно з першых інтэрв'ю на свабодзе былы палітвязень, журналіст Аляксандр Здвіжкоў, асуджаны за перадрук дацкіх карыкатур на Мухамеда, даў прэс-цэнтру Хартыі’97.

– Гэтыя тры месяцы не прайшлі дарма. У турме я ўпэўніўся, што сённяшняя беларуская «феміда» выяўляе абсалютную некампетэнтнасць у юрыспрудэнцыі. Існуй у Беларусі суд прысяжных, палова сённяшніх так званых «зэкаў» была б прызнаная судом прысяжных невінаватымі, не кажучы ўжо пра палітычных вязняў. Любая інфармацыя, прагучаўшая падчас суду з боку абвінавачвання, проста дыскрэдытуе беларускае правасуддзе. Пракурор і суддзя настолькі некампетэнтна вялі працэс, што адкрыты працэс толькі дадаў бы «негатыву» міжнароднаму прэстыжу нашай краіны. Падчас суду не прагучала ніякіх аргументаў на карысць абвінавачвання. Чаго вартая адна фармулёўка абвінавачвання пра тое, што «мае дзеянні маглі мець намер». Калі абвінаваўчы прысуд выносіцца на падставе таго, што нечыя дзеянні «маглі» мець нейкі там намер, і пры гэтым з боку абвінавачвання не прыводзіцца ніякіх доказаў віны, то пра якое правасуддзе ўвогуле можа ісці гаворка?

І як Вы пасля такога абсурднага працэсу ўспрынялі прысуд: тры гады турмы?

– Ён мяне рассмяшыў. Я ж даўно зразумеў, што судзяць не мяне, што гэтая паказальная справа – запалохаць усю незалежную прэсу, маўляў, з кожным такое можа здарыцца, так што чакаў, што асудзяць па максімуме, дадуць гадоў 5. Увогуле, яшчэ з таго моманту, калі даведаўся пра тое, што заведзеная крымінальная справа, жыў па прынцыпе «Спадзявайся на лепшае, але рыхтуйся да горшага». Калі б ў нашым судзе прысуды выносіліся з прынцыпу даказанасці віны, як гэта адбываецца ў большасці краін свету, то, натуральна, мяне апраўдалі бы.

А думалі, што сёння будзеце ўжо на свабодзе?

– Вядома, на апраўдальны прысуд не разлічваў, але меркаваў, што сённяшні суд мог скончыцца менавіта такім рашэннем. З аднаго боку я ведаў, што цяпер вызваляюць усіх «палітычных», да таго ж ужо занадта вялікі міжнародны рэзананс выклікаў прысуд у 3 гады турмы за просты перадрук карыкатур. Але, калі сёння за мной у камеру прыйшлі і сказалі выходзіць з рэчамі, я не выключаў і таго, што адпраўлюся ў турму. У краіне, дзе няма ні суду, ні правасуддзя, можна чакаць любога павароту падзей.

Аляксандр, а калі ў 2006 годзе Вы прымалі рашэнне аб публікацыі карыкатур, Вы маглі падумаць, што за гэта патрапіце ў турму?

– Калі шчыра, то нават у дрэнным сне не магло прысніцца. Бо ў нашай газеце былі перадрукаваныя не ўсе карыкатуры, а толькі самыя бяскрыўдныя. Я спецыяльна кансультаваўся з мусульманамі. І тое, што было надрукаванае ў «Згоде», ніяк не магло пакрыўдзіць рэлігійныя пачуцці мусульман. Насупраць, па словах саміх жа мусульман, гэтыя карыкатуры насілі антытэрарыстычны характар.

Не шкадуеце сёння пра гэта?

– Я пагаджуся з савецкім дысідэнтам і расейскім пісьменнікам Салжаніцыным, што лепш пазбягаць турэмнага досведу, бо ён, у першую чаргу, моцна падрывае здароўе. Мне таксама нейкі час давядзецца займацца аднаўленнем свайго, але, я думаю, што гэтыя тры месяцы не прайшлі дарма. Я паставіўся да гэтага, як да творчай камандзіроўкі і цяпер, як толькі трохі ачуюся, маю намер напісаць кнігу – і пра жыццё ў турме, і пра людзей, з якімі мяне звёў лёс, і пра нашу сістэму так званага «правасуддзя». Так што гляджу ў будучыню з аптымізмам і спадзяюся на лепшае, не толькі для сябе, але і для краіны ў цэлым.

Нагадаем, палітвязень журналіст Аляксандр Здвіжкоў быў вызвалены па рашэнні Вярхоўнага суду. Калегія Вярхоўнага суду, улічваючы выключныя акалічнасці (у журналіста пажылая маці), змяніла рашэнне Менскага гарадскога суду, замяніўшы пакаранне з трох гадоў на тры месяцы.

18 студзеня 2008 года менскі гарадскі суд прысудзіў былога рэдактара газеты "Згода" Аляксандра Здвіжкова да 3 гадоў пазбаўлення свабоды з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Здвіжкоў прызнаны вінаватым у распальванні рэлігійнай варожасці. Працэс праходзіў у закрытым фармаце, і для журналістаў, па просьбе бакоў, зачыталі толькі дзейсную частку прысуду.

У нумары газеты за 18-26 лютага 2006 года была апублікаваная артыкул "Палітычны крэатыў", ілюстраваная карыкатурамі, у тым ліку з малюнкам прарока Мухамеда. У лютым 2006 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўзбудзіў крымінальную справу па факце публікацыі карыкатур на прарока Мухамеда ў газеце "Згода" па выніках праверкі, праведзенай рэспубліканскай пракуратурай і КДБ.

Праверка была праведзеная на падставе звароту ў праваахоўныя органы рэспублікі мусульманскіх суполак Беларусі і Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

У сярэдзіне сакавіка 2006 года рашэннем Вярхоўнага суду Беларусі газета "Згода" ліквідаваная.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках