28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўніцтва калоніі «Віцьба-3» абвінавачваюць у жорсткім абыходжанне з Казуліным

Прадстаўнік Рэспубліканскага праваабарончага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" у Віцебскай вобласці Павал Левінаў звярнуўся з пісьмовай заявай да начальніка калоніі "Віцьба-3" Віталя Агністыкава.

Праваабаронца патрабуе неадкладна вырашыць пытанне аб падаванні кароткатэрміновага водпуску палітыку Аляксандру Казуліну для развітання з памерлай 23 лютага жонкай І.Казулінай.

"Мяне абурае пазіцыя адміністрацыі выпраўленчай установы, у якой утрымліваецца зняволены палітык, – сказаў П.Левінаў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН.– Начальніку калоніі вядома пра заўчасную смерць жонкі Казуліна, ён атрымаў афіцыйныя паведамленні ад сям'і памерлай, і тым не менш праблема прадугледжанага заканадаўствам кароткатэрміновага выезду для ўдзелу зняволенага ў пахаванні так і застаецца нявырашанай".

У заяве праваабаронца спасылаецца на Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, дзе гаворыцца, што асобам, "якія ўпершыню адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды ва ўмовах агульнага тыпу, могуць быць дазволеныя кароткатэрміновыя выезды за межы выпраўленчых устаноў працягласцю да 7 сутак" у сувязі з выключнымі акалічнасцямі, у тым ліку і з смерцю блізкіх сваякоў.

П.Левінаў падкрэслівае, што дазвол на кароткачасовы выезд у такіх выпадках павінен даваць начальнік выпраўленчай установы па ўзгадненні з пракурорам. Тым не менш начальнік калоніі "Віцьба-3" В.Агністыкаў сцвярджае, што не ўпаўнаважаны прымаць ніякіх рашэнняў без санкцыі Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, і пытанне аб водпуску для Казуліна не вырашаецца ўжо другія суткі.

"Дадзены факт не магу расцаніць інакш, як жорсткі зварот, якім Казуліну прычыняюць моцныя маральныя пакуты", – напісанае ў заяве П.Левінава. Праваабаронца лічыць, што так доўга трымаць чалавека ў стане бесперапыннага чакання станоўчага альбо адмоўнага адказу недапушчальна, і патрабуе ад начальніка калоніі неадкладнага вырашэння пытання.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках