Васілевіч даў зразумець, што пракуратура не ў сілах вызваліць Казуліна
1- 25.02.2008, 14:39
Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч асабіста прыняў у праваабаронцаў заяву з просьбай даць Аляксандру Казуліну кароткатэрміновы водпуск у сувязі з пахаваннем жонкі. Па словах Ігара Рынкевіча, Васілевіч выразна даў зразумець, што Генпракуратура не ўплывае на прыняцце станоўчага рашэння па дадзеным пытанні.
25 лютага старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла і праваабаронца Алена Танкачова сустрэліся з генпракурорам Васілевічам і перадалі яму ліст з просьбай даць зняволенаму Аляксандру Казуліну кароткатэрміновы водпуск для ўдзелу ў пахаванні жонкі. У заяве, адрасаванай таксама на імя міністра ўнутраных спраў і начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў, праваабаронцы просяць выявіць гуманнасць у дачыненні палітыка і яго родных.
– Сустрэча была даволі кароткая, – распавёў «Салідарнасці» былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч. – Тое, што Васілевіч асабіста прыняў праваабаронцаў і зрабіў гэта даволі аператыўна, добра. Аднак генпракурор выразна даў зразумець праваабаронцам, што Генпракуратура не можа іграць якую-небудзь ролю ў прыняцці станоўчага рашэння па дадзеным пытанні. Тым не менш ён запэўніў, што дадзеная інфармацыя пачутая.